Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашая місія — пераступіць страх і рухацца далей». Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні. ВІДЭА

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вільні
Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вільні

Гвалт трэба спыніць, палітычных зьняволеных трэба выпусьціць на волю і правесьці свабодныя выбары, сказала Ціханоўская.

«Я не хацела стаць палітыкам, я апынулася ў сытуацыі выбару між свабодай і страхам, між праўдай і хлусьнёй», — паўтарыла Ціханоўская.

Яна расказала, што ў Беларусі б'юць людзей за іхныя погляды, кідаюць за краты за ўдзел у мірных пратэстах; згадала зьняволеньне свайго мужа Сяргея Ціханоўскага.

«Цяпер Беларусь прачнулася», упэўнена яна: тысячы людзей выйшлі на вуліцы, шмат рабочых абвясьцілі забастоўку.

Гвалт трэба спыніць, палітычных зьняволеных трэба выпусьціць на волю, трэба правесьці свабодныя выбары, сказала Ціханоўская.

Журналістка Sky News спытала Ціханоўскую, ці зьбіраецца тая вяртацца ў Беларусь. Ціханоўская сказала, што любіць сваю радзіму, хоча туды вярнуцца — і вернецца, калі будзе адчуваць сябе там у бясьпецы.

Карэспандэнт Deutche Welle спытаў, ці баіцца яна расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі, ужываньне ўзброенай падтрымкі. Ціханоўская ў адказ заклікала ўсе краіны сьвету паважаць сувэрэнітэт Беларусі.

Журналістка Lietuvos rytas спытала, ці стане Ціханоўская кандыдаткай, калі будуць новыя выбары. Ціханоўская адказала, што цяпер галоўная задача — дабіцца новых свабодных выбараў, пытаньне ейнага ўдзелу цяпер не стаіць.

На пытаньне Agence France-Presse пра тое, колькі часу можна працягваць пратэсты, Ціханоўская сказала: толькі час адкажа на гэтыя пытаньні, але беларуская нацыя ўжо ніколі ня зможа прыняць цяперашняе кіраўніцтва, дараваць і забыць той гвалт, які перажыў народ.

Журналіт BNS спытаў, якія санкцыі будуць найбольш эфэктыўныя супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская падзякавала ўсім краінам, якія падтрымліваюць беларусаў, але не адказала на пытаньне.

Адзін з журналістаў папрасіў Ціханоўскую прамовіць на ангельскай мове, расказаць пра тое, зь якімі пагрозамі яна і сям’я сутыкаліся, што яна сказала б Уладзіміру Пуціну.

Ціханоўская адказала па-ангельску: яна паўтарыла, што заклікае ўсе краіны паважаць сувэрэнітэт Беларусі, на пытаньне пра пагрозы не захацела адказваць.

«Я думаю, што любы чалавек у нашай краіне адчувае страх, напужаны. Але нашая місія — пераступіць страх і рухацца далей», — адказала яна па-ангельску.

Журналіст літоўскага Delfi спытаў: Мэркель і Макрон і іншыя эўрапейскія лідэры тэлефанавалі Пуціну, абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі, а ці спрабавалі зьвязацца зь ёй з Масквы? Ціханоўская сказала, што з Масквы не было такіх спробаў.

Амэрыканская пісьменьніца Лайма Вінсэ назвала дзьвюх жанчынаў, якія натхнілі беларусаў на змаганьне за свабоду і дэмакратыю: Сьвятлану Ціханоўскую і Сьвятлану Алексіевіч. Яна спытала, у чым крыніца моцы Ціханоўскай. Тая адказала: у выбарчую кампанію яна прыйшла дзеля мужа, устала на ягонае месца, але падчас кампаніі адчула «выдатную падтрымку» беларускага народу і яго жаданьне пераменаў. Ціханоўская па-ангельску сказала, што толькі народ даў ёй усю адвагу і падтрымку, каб працягваць кампанію.

Карэспандэнтка TV3 спытала пра тыя відэазвароты, у якіх Ціханоўская зьвярталася да беларусаў перад ад’ездам у Літву — адзін зь іх, як высьветлілася, быў запісаны ў пакоі Лідзіі Ярмошынай. Ціханоўская сказала, што пакуль не гатовая адказаць на пытаньні пра тыя відэа.

Журналіст Reuters спытаў Ціханоўскую, як магчыма прыбраць Лукашэнку з пасады, і ці будзе яна падтрымліваць тых, хто вырашыць штурмаваць урадавыя будынкі. Ціханоўская адказала, што «безумоўна, падтрымлівае ўсіх пратэстоўцаў» і ўсе мірныя шляхі адстойваньня сваіх правоў. «Я вельмі спадзяюся, што кіраўніцтва пачуе свой народ», — адказала Ціханоўская. Яна спадзяецца, што Лукашэнка пачуе жаданьне народу, пойдзе на дыялёг і правядзе новыя выбары, празрыстыя і справядлівыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG