Камэнтуючы паведамленьне аб тым, што Генэральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады для трансфэру ўлады, Брус Мілар, выканаўца абавязкаў дырэктара Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіў:
«Беларускія ўлады не спыніліся на затрыманьні тысяч пратэстоўцаў, катаваньнях зьняволеных і зьбіваньні журналістаў і лекараў. Цяпер яны абвінавачваюць мірных лідэраў апазыцыі ў тым, што тыя нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Гэта паказвае, наколькі далёка рэжым Аляксандра Лукашэнкі гатовы зайсьці ў імкненьні ўтрымаць уладу. Калі нешта і пагражае міру і бясьпецы ў Беларусі, то гэта менавіта гвалт уладаў у дачыненьні да ўласнага народу».
«Гэтыя падзеі зноў пацьвярджаюць, што ў Беларусі не дапускаюцца сумневы і крытыка ўраду Лукашэнкі. Гэта разьвейвае ўсё пазасталыя ілюзіі пра тое, што ўлады зацікаўленыя ў захаваньні правоў чалавека і забесьпячэньні вяршэнства права», — дадаў ён.
«Мы зноў заклікаем беларускія ўлады спыніць перасьлед мірных пратэстоўцаў і нагадваем ім пра іх абавязкі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам паважаць права на свабоду выказваньня думак. Заява генпракурора напэўна абурыць пратэстоўцаў. Людзі ў Беларусі павінны мець магчымасьць выказваць свае погляды бяз страху пакараньня», — заявіў таксама Мілар.