Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пакуль ня бачыць сябе пасярэднікам у разьвязваньні палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта яна заявіла, адказваючы на пытаньні журналістаў па выніках надзвычайнага саміту Эўразьвязу 19 жніўня, паведамляе БелаПАН.
«Прэзыдэнт Лукашэнка адхіліў усякія тэлефонныя размовы, пра што я шкадую. Пасрэдніцтва магчымае, толькі калі ёсьць кантакт з усімі бакамі», — падкрэсьліла Мэркель. Пры гэтым яна адзначыла, што ЭЗ выступае за «нацыянальны дыялёг».
«Мы гаворым з Расеяй, каб прадухіліць яе ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі, — заявіла Мэркель. — Міністар замежных спраў Лаўроў выказаў сёньня сваю пазыцыю». (Магчыма, маецца на ўвазе фраза Лаўрова ў інтэрвію тэлеканалу «Россия»: «Перакананы, што беларускі народ са сваёй мудрасьцю сам можа разабрацца ў цяперашняй сытуацыі». — БелаПАН)
«Расея і Беларусь цесна зьвязаныя дамовамі. Разам з тым мы выразна далі зразумець, што вайсковае ўмяшаньне Расеі, натуральна, вельмі ўскладніць сытуацыю. Таму я і кажу пра тое, што Беларусь павінна сама знайсьці свой шлях. Дарэчы, большасьць апазыцыі зусім не настроеная супраць Расеі, і гэта відаць. Яна супраць мэтадаў прэзыдэнта Лукашэнкі», — адзначыла Мэркель.
Ці легітымны Лукашэнка?
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі сумленнымі і свабоднымі, «аднак Лукашэнка яшчэ тут». «І калі я заклікаю да нацыянальнага дыялёгу, то, зразумела, з удзелам тых, у каго там улада», — заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель 19 жніўня на прэс-канфэрэнцыі паводле вынікаў надзвычайнага саміту ЭЗ, адказваючы на пытаньне аб легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.
«Гэта значыць сытуацыя складаная, і з яе павінна быць знойдзенае як мага больш мірнае выйсьце», — сказала Мэркель.
Паводле яе слоў, Эўрапейскі зьвяз у межах праграмы «Усходняе партнэрства» хоча падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. «Але для нас абсалютна відавочна, што Беларусь павінна сама знайсьці свой шлях. Гаворка павінна ісьці пра дыялёг унутры краіны, умяшаньне звонку недапушчальнае. Людзі ў Беларусі ведаюць, чаго хочуць, што для іх добра», — заявіла канцлер.
Пры гэтым яна падкрэсьліла: не ЭЗ павінен вызначаць, што трэба для Беларусі, а апазыцыя.
Чаму Лукашэнка адмовіўся размаўляць з Мэркель
19 жніўня прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант у інтэрвію тэлеканалу «Россия 1» заявіла, што ён пакуль ня бачыць неабходнасьці ў размове з Мэркель.
«Як вы ведаеце, зараз ідуць кансультацыі прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі. Кіраўнікі дзяржаў каардынуюць свае дзеяньні, у першую чаргу ў рамках заключаных дагавораў — Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Адбылося некалькі тэлефонных размоў, у тым ліку сёньня. Скажыце, як гэта будзе выглядаць, калі паралельна зь перамовамі з Пуціным прэзыдэнт Беларусі будзе яшчэ і з Мэркель нешта абмяркоўваць? На нашу думку, гэта па меншай меры несалідна», — лічыць Эйсмант.
Паводле яе слоў, Лукашэнка «на дадзеным этапе ня бачыць неабходнасьці ў гэтай гутарцы». «Якім можа быць ад яго эфэкт? Хутчэй за ўсё, адмоўным», — сказала яна.
«Галоўнае, чаго мы хочам, — каб Захад не падтрымліваў тых, хто дэстабілізуе сытуацыю ў Беларусі. Зыходзячы з гэтага, прэзыдэнт нашай краіны папрасіў свайго расейскага калегу перадаць спадарыні Мэркель, каб Нямеччына, дый уся Заходняя Эўропа, ня ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, як гэта адбываецца цяпер», — заявіла Эйсмант.
17 жніўня падчас наведваньня Менскага заводу колавых цягачоў Лукашэнка паведаміў, што напярэдадні яму тэлефанавала Мэркель і хацела пагаварыць.