У панядзелак, 17 жніўня, супрацоўнікі наваполацкіх прадпрыемстваў «Нафтан» і «Палімір» сабраліся каля будынкаў заводакіраўніцтва, каб працягнуць дыялёг з начальствам.
Патрабаваньні працоўнага калектыву нафтаперапрацоўшчыкаў Наваполацку было даверана агучыць Вользе Брыцікавай, начальніцы аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў ААТ «Нафтан».
Першым з гэтых патрабаваньняў была адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.
Увесь тыдзень работнікі буйных беларускіх прадпрыемстваў выказвалі сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне, патрабавалі спыніць гвалт з боку праваахоўных органаў, вызваліць усіх затрыманых і палітвязьняў, правесьці новыя сумленныя выбары.
На некаторых зь іх работнікі вырашылі абвясьціць страйк. Учора да іх далучыўся калектыў «Беларуськалію», сёньня — «Нафтану».
Падчас сустрэчы работнікі «Нафтану» асьвісталі кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю Івана Тэртэля.
Работнікі «Нафтану» выступілі з адкрытым зваротам (ён апублікаваны ў тэлеграм-канале «Внимание, ОАО „Нафтан“»).
«Мы салідарныя з народам Рэспублікі Беларусь. Мы заяўляем: у нас няма даверу да дзейнай улады, бо мірныя беларусы больш не адчуваюць сябе ў бясьпецы ў сваёй уласнай краіне. Беларусам страшна выйсьці на вуліцу, страшна выказаць сваю пазыцыю, страшна зрабіць і адстойваць свой выбар. [...] Мы не прызнаем вынікаў гэтых выбараў, як і многія грамадзяне нашай краіны», — сказана ў звароце.
Аўтары звароту падкрэсьліваюць, што пасьля выбарчай кампаніі ня згодныя з вынікамі выбараў мірныя пратэстоўцы зазналі гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур.
Работнікі «Нафтану» патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта; адстаўкі ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай; вызваленьня ўсіх палітвязьняў і затрыманых падчас гэтай прэзыдэнцкай кампаніі і мірных акцый пратэсту, зьвязаных зь ёй; спыненьня гвалту і перасьледу мірных грамадзян супрацоўнікамі сілавых структур; расьсьледаваньня ўсіх выпадкаў гвалту над мірнымі пратэстоўцамі і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых; правядзеньня новых, сумленных і празрыстых выбараў з допускам міжнародных і незалежных назіральнікаў і празрыстым падлікам галасоў.
У выпадку невыкананьня гэтых патрабаваньняў у 14-дзённы тэрмін работнікі ААТ «Нафтан» зьбіраюцца скарыстаць сваё права на страйк.