Мітынг на плошчы Леніна ў Горадні 17 жніўня сабраў 10-15 тысяч чалавек. Яго паказвалі на дзяржаўнай тэлевізіі ў жывым эфіры. На сцэне чыноўнікі адказвалі пратэстоўцам.
На плошчу прыйшлі работнікі горадзенскіх буйных прадпрыемстваў «Гродна Азот», водаканалу, ТЭЦ-2, тэлерадыёкампаніі «Гродна». Луналі ня толькі бел-чырвона-белыя, але і польскія сьцягі.
Выступіў псыхоляг Мікалай Куляшэвіч, які расказаў, што больш за 30 псыхолягаў у Горадні гатовыя аказваць бясплатную псыхалягічную дапамогу ўсім пацярпелым ад катаваньняў у любы час.
Каб даць адказы на агучаныя раней 10 патрабаваньняў пратэстоўцаў, на сцэну выйшлі чыноўнікі: старшыня Горадзенскага абласнога савету дэпутатаў Ігар Жук, старшыня гарадзкога савету дэпутатаў Барыс Фёдараў, а таксама дэпутаты Лілія Кір’як, Ірына Луканская і іншыя. Некаторыя з патрабаваньняў задаволілі — часткова або цалкам.
Амаль усіх затрыманых на мірных пратэстах адпусьцілі, у тым ліку трох чалавек — акурат падчас вечаровага мітынгу. Яшчэ на дваіх — Дзьмітрыя Ціта і Рымшу — завялі крымінальную справу, але, па словах Жука, яе спыняць ранкам 18 жніўня. Два чалавекі прапалі бязь вестак. Іх прозьвішчы — Шышмакоў і Фядотаў.
Плошча Леніна значыцца ў сьпісе месцаў, дзе можна праводзіць мірныя сходы. Пратэстоўцы прасілі дазволу на любое месца ў горадзе.
«Вас, мірных пратэстантаў, дэманстрантаў, ніхто ніколі ня будзе чапаць», — сказаў Жук.
Улады трансьлявалі мітынг 17 жніўня ў жывым эфіры па дзяржаўнай тэлевізіі. Жук запэўніў, што горадзенскіх актывістаў, пратэстоўцаў будуць запрашаць у тэлеперадачы на дзяржаўнай тэлевізііі ў праймтайм.
Ігар Жук дазволіў работнікам страйкаваць, паабяцаў, што нікога за гэта ня звольняць і не пакараюць.
Патрабаваньне адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі старшыня абласнога савету дэпутатаў паабяцаў перадаць «наверх».
Ігар Жук паведаміў, што яны стварылі орган грамадзянскай згоды, куды ўвайшлі прадстаўнікі дзейнай улады і пратэстоўцаў. Ад дзейнай улады гэта старшыня абласнога савету дэпутатаў Ігар Жук, старшыня гарадзкога савету дэпутатаў Барыс Фёдараў, старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой, намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Пранюк.
Адказы на ўсе патрабаваньні пратэстоўцаў паабяцалі апублікаваць у дзяржаўнай газэце «Гродненская правда» 18 жніўня.
Чыноўнікаў праз натоўп дэманстрантаў праводзілі актывісты замест аховы.
Дырэктар стадыёну «Нёман» Віктар Шумель пасьля выступу ўладаў прапанаваў «здымаць локшыну з вушэй» і страйкаваць.
Работнік «Гродна Азот» Юры Рававы паведаміў, што на прадпрыемстве ва ўсіх падразьдзяленьнях ствараецца страйкавы камітэт.
Са сцэны выступіў жыхар Пецярбургу Аляксей Абрамаў, якога выпусьцілі паўтары гадзіны перад гэтым, дзякуючы патрабаваньням грамадзкасьці. Ён прыехаў у Горадню як турыст. Затрымалі яго на мінулым тыдні, калі ён ішоў па вуліцы ў вышыванцы. Па ягоных словах, яго шматкроць зьбівалі і катавалі. Знайшлі пры ім 200 даляраў і дапытвалі, нібыта ён некаму плаціў грошы, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.
Аляксей зьняў на сцэне разарваную сілавікамі вышыванку і паказаў вялікія сінякі на целе і руках. Яго трымалі ў зьняволеньні тыдзень і вызвалілі ўвечары 17 жніўня, пасьля таго як пратэстоўцы высунулі свае патрабаваньні да ўладаў.
Дэманстранты дамовіліся сустрэцца на плошчы Леніна ў Горадні 18 жніўня а 7 гадзіне вечара, каб пачуць адказ уладаў на рэшту патрабаваньняў.