1117 навукоўцаў і дасьледнікаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы з розных краінаў сьвету накіравалі беларускім уладам ліст з нагоды вострага дзяржаўнага крызісу ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.
У лісьце навукоўцы заклікаюць спыніць гвалт сілавікоў і правесьці свабодныя выбары.
«Мы занепакоеныя тым, што тысячы беларускіх грамадзян, якія выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, перасьледуюцца, зьбіваюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, арыштоўваюцца і ўтрымліваюцца пад вартай на працягу некалькіх дзён у нечалавечых умовах, ня маючы магчымасці звязацца з роднымі і блізкімі.
Мы турбуемся за нашых калег, якія былі сярод тысяч людзей, якія мірна выйшлі на дэманстрацыі і сталі мішэньню міліцыі і іншых сілавых структур», — сказана ў лісьце.
«Дзякуючы свайму геаграфiчнаму знаходжаньню паміж Эўрапейскім зьвязам і Расейскай Фэдэрацыяй Беларусь мае ўнікальныя магчымасьці для ўдзелу ў глябальным абмене ідэямі, ведамі і паслугамі. Аднак гэта магчыма зрабіць толькі тады, калі дзяржаўныя інстытуты будуць выконваць i гарантаваць такія базавыя дэмакратычныя прынцыпы, як права на свабоду слова і сходаў, поўнае права голасу, свабода ад перасьледаў за палітычныя ідэі».
Аўтары і падпісанты ліста заклікаюць сілавыя стрыктуры Беларусі спыніць напады на дэманстрантаў і прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і ўсіх затрыманых падчас акцыяў пратэсту пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году.
«Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў. Толькі выбарчы працэс, падчас якога ўсе кандыдаты маюць роўны доступ да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх месцаў для адстойваньня сваіх правоў, а таксама празрысты і праўдзівы падлік усіх бюлетэняў гарантуе дэмакратычныя выбары. Для забесьпячэньня гэтага працэсу мы рэкамэндуем стварыць новую Цэнтральную выбарчую камісію, у склад якой увойдзе роўная колькасьць прадстаўнікоў дзяржаўных і няўрадавых арганізацыяў», — сказана ў лісьце.
«Беларусь — гэта ня востраў. Беларусь — гэта геаграфічны цэнтар Эўропы, і цяпер яна ў цэнтры нашага клопату аб сьвеце, свабодным ад несправядліваьці і гвалту», — цьвердзяць навукоўцы.
Ліст падпісалі гісторыкі, сацыёлягі, палітолягі, дасьледнікі беларускай культуры з ЗША, Польшчы, Чэхіі, нямеччыны, Канады, Аўстраліі, Расеі, Літвы, Аўстрыі, Швэцыі і іншых краінаў, сярод іх — Фэлікс Акерман, Эліса Бэмпарад, Томас Бэрд, Аніка Вальке, Курт Вулхайзэр, Томас Вянцлава, Алена Гапава, Зіна Гімпелевіч, Крыстаф Дыкман, Андрэй Катлярчук, Вітаўт Кіпель, Міхаіл Круцікаў, Дэйвід Марплз, Алена Маркава, Альвідас Нікжантайціс, Аляксандра Палян, Мікола Рабчук, Генадзь Сагановіч, Аляксандар Смалянчук, Эльжбета Смулкова, Тымаці Снайдэр, Леанід Сьмілавіцкі, Захар Шыбека і шмат іншых, усяго — 1117 подпісаў.
Ліст накіраваны гэткім установам Рэспублікі Беларусь: Канстытуцыйны Суд, Вярхоўны Суд, Дзяржаўны сакратарыят Савету Бясьпекі, Савет міністраў, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Адміністрацыя прэзыдэнта, Нацыянальны банк, Генэральная пракуратура, Камітэт дзяржаўнага кантролю.