Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: 9 затрыманых у Віцебску ўкраінцаў вызвалілі, украінскі фотакарэспанэнт атрымаў пашкоджаньні


Будынак МЗС Украіны, ©Shutterstock
Будынак МЗС Украіны, ©Shutterstock

Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што дзевяцёх украінцаў, якія былі затрыманыя ў Віцебску паводле «адміністратцыйных правапарушэньняў», вызвалілі пасьля ўмяшаньня ўкраінскіх дыпляматаў.

«Нашыя консулы таксама паведамілі, што яшчэ адзін грамадзянін Украіны, фотакарэспандэнт Associated Press ва Ўкраіне атрымаў нязначныя цялесныя пашкоджаньні. Яго накіравалі ў мэдычную ўстанову, надалі дапамогу і выпісалі», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Украіны.

Напярэдадні Міністэрства замежных спраў Украіны абнародавала заяву кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін Люблінскага трохкутніка — Літвы, Польшчы і Ўкраіны, у якім яны выказалі занепакоенасьць у сувязі з эскаляцыяй сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама заклікалі ўлады ўстрымацца ад выкарыстаньня сілы і вызваліць усіх затрыманых.

«Павага да фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека, уключаючы дэмакратыю і вяршэнства закону, мае важнае значэньне для далейшага разьвіцьця незалежнай і сувэрэннай Беларусі, якую мы ў поўнай меры падтрымліваем, — адзначалася ў заяве. — Мы перакананыя, што толькі дзякуючы дыялёгу можна вырашыць сытуацыю на карысьць народу і дзяржавы Беларусь. У выпадку неабходнасьці мы адкрытыя для любой дапамогі ў справе садзейнічаньня дыялёгу».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG