Да якіх пратэстаў у сьвеце падобныя сучасныя беларускія? Як на іх дынаміку паўплывае адʼезд з краіны Сьвятланы Ціханоўскай? У якой сытуацыі ў крызіс можа ўмяшацца Расея? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да расейскага палітоляга Грыгорыя Голасава, дэкана факультэту палітычных навук Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбургу.
Сьцісла
- Некіраваных пратэстаў не бывае, бываюць розныя мадэлі кіраваньня
- Уладам вельмі складана ідэнтыфікаваць арганізатараў, якія сапраўды адыгрываюць важную ролю
- Зразумела, прысутнасьць чалавека, які стаў сымбалем пратэсту, важная для пратэсту, але я мяркую, што ніхто ня кіне ў Ціханоўскую камень
- Менавіта пры той сеткавай мадэлі, паводле якой разьвіваюцца пратэсты ў Беларусі, адʼезд Ціханоўскай не такая фатальная зьява
- Расейскія зьнешнепалітычныя стратэгі хацелі б, каб беларускі крызіс мог вырашыцца з расейскім вайсковым умяшаньнем, прычым пажадана — па просьбе самога Лукашэнкі
— Грыгоры, многія зьвяртаюць увагу, што пратэсты ў Беларусі дастаткова спантаныя, незразумела, хто імі кіруе. Калі казаць пра сусьветны досьвед, ці зьніжае гэта шанцы на посьпех пратэстаў?
— Некіраваных пратэстаў не бывае, бываюць розныя мадэлі кіраваньня. Як уяўляецца зь міжнароднага досьведу, мадэль, якая цяпер рэалізуецца ў Беларусі, — гэта сеткавая мадэль, калі каардынацыя адбываецца пераважна праз сацыяльныя СМІ, калі існуе некалькі арганізацыйных цэнтраў, якія групуюцца вакол кандыдатаў і палітычных групаў, якія дзейнічалі ў падпольлі. Гэтая мадэль мае свае перавагі, але і недахопы.
Недахопы зьвязаныя з тым, што калі адключыць сродкі камунікацыі, як гэта спрабуе рабіць беларускі рэжым, то такая мадэль робіцца практычна немагчымай. Але і яе моц зразумелая. Уладам вельмі складана ідэнтыфікаваць арганізатараў, якія сапраўды адыгрываюць важную ролю. Людзі, якія займаюць фармальныя пазыцыі ў апазыцыйных групах, тыя самыя кандыдаты, могуць фактычна не выконваць ніякіх арганізатарскіх функцыяў. Гэта ў пэўным сэнсе спрашчае пратэставую актыўнасьць.
— У Беларусі адзін з інструмэнтаў арганізацыі — папулярныя Тэлеграм-каналы, якія дзейнічаюць з-за мяжы. Пра гэта казаў і Аляксандар Лукашэнка. Падобным чынам казаскі апазыцыянэр Мухтар Аблязаў каардынаваў і накіроўваў з Францыі пратэсты пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Наколькі такое кіраваньне пратэстамі з-за мяжы можа быць эфэктыўным, наколькі высокім можа быць давер да такіх лідэраў?
— Гэтыя людзі — ня лідэры, а арганізатары. Паколькі людзі рэагуюць на іх заклікі, то, значыць, давяраюць. А чаму б і не давяраць? Тое, што яны за мяжой, напэўна, вельмі важны факт для прэзыдэнта Лукашэнкі, але я ня думаю, што ён важны для тых людзей, якія пратэстуюць супраць яго. Дый, па сутнасьці, гэта няважна, гэта проста стварае дадатковыя гарантыі бясьпекі для гэтых арганізатараў.
— Вы ўжо сказалі пра кандыдатаў. 11 жніўня была абнародаваная заява Сьвятланы Ціханоўскай, у якой яна заклікала людзей не выходзіць на плошчы з пратэстам. Пасьля гэтага яна пакінула Беларусь. Гледзячы па ўсім, яна гэта зрабіла пад ціскам. Яна сама казала — я ня лідэр, я сымбаль. Тое, што гэты сымбаль выступіў з такой заявай, і тое, што яна зьехала, — гэта можа неяк паўплываць на пратэставую актыўнасьць?
— Я б паграшыў супраць ісьціны, сказаўшы, што калі б яна ня зьехала, гэта было б горш для пратэставага руху. Зразумела, прысутнасьць чалавека, які стаў сымбалем пратэсту, важная для пратэсту. Я мяркую, што ніхто ня кіне ў Ціханоўскую камень. Яна не рыхтавалася да ролі змагара, гатовага прынесьці сябе ў ахвяру за сваю справу. На яе націснулі. Я мяркую, што менавіта пры той сеткавай мадэлі, паводле якой разьвіваюцца пратэсты ў Беларусі, яе заява і яе адʼезд не такія фатальныя. Значна больш фатальна для іх тое, што іх падаўляюць сілай.
— Ці ёсьць сцэнары разьвіцьця палітычнага крызісу ў Беларусі, пры якіх Расея магла б умяшацца, у тым ліку і збройнай сілай?
— Я мяркую, што стасункі паміж Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным складаныя. Адназначна пэрспэктыву гэтага ўмяшаньня я б ня вызначыў. Але яно магчымае толькі пры адной умове — калі стане зразумела, што Лукашэнка няздольны да сілавога здушэньня пратэстаў за кошт уласных сілавых структураў. Тады сытуацыя ў Беларусі стане крытычнай, і гэта ў пэрспэктыве можа стварыць умовы для ўмяшаньня Расеі, нават вайсковага.
Але паколькі на дадзены момант такая пэрспэктыва не праглядаецца, я лічу, што абмяркоўваць гэта можна толькі тэарэтычна. Я мяркую, што расейскія зьнешнепалітычныя стратэгі хацелі б, каб справа абярнулася менавіта так, каб беларускі крызіс мог вырашыцца з расейскім вайсковым умяшаньнем, прычым пажадана — па просьбе самога Лукашэнкі. Але так пакуль не атрымліваецца.
— Цяперашнія пратэсты — да якіх аналягічных падзеяў у сьвеце яны найбольш падобныя?
— Падобныя падзеі, калі казаць пра пасьпяховыя, мелі месца падчас «арабскай вясны». Прыходзіць у галаву прыклад эгіпецкай рэвалюцыі. Эгіпецкую рэвалюцыю называлі фэйсбучнай, яна сапраўды ў значнай ступені каардынавалася праз сацыяльныя сеткі. Але яна ўсё ж мела арганізацыйнае ядро ў выглядзе арганізацыі «Братоў-мусульманаў». Магчыма, менавіта таму яна аказалася такой пасьпяховай.
Апошні прыклад зрынаньня пэрсаналісцкай дыктатуры — гэта Судан. Там мелі месца доўгія сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і сілавікамі, прычым як вайскоўцамі, гэтак і парамілітарнымі групоўкамі, якія падтрымлівалі ўладу. Нарэшце вайскоўцам гэта надакучыла, і яны зрынулі дыктатара, а потым дамовіліся з пратэстоўцамі. Гэта быў вельмі крывавы працэс. У мяне няма ўражаньня, што на такі напал беларуская апазыцыя цяпер гатовая.