Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады выштурхалі Ціханоўскую за мяжу. Ці дапаможа гэта зьбіць хвалю пратэсту?


Пратэстоўцы ў Менску 10 жніўня
Пратэстоўцы ў Менску 10 жніўня

Беларусь уступіла ў пэрыяд вострага палітычнага крызысу з элемэнтамі грамадзянскай вайны. І прычына яго вельмі банальная, такое адбывалася шмат дзе ў сьвеце. Аўтарытарны лідэр, прайграўшы выбары, адмаўляецца саступаць уладу пераможцу. Паводле ацэнак штаба Сьвятланы Ціханоўскай, на тых участках, дзе галасы палічылі сумленна, яна набрала 60-70%, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • Пратэсты маюць шырокі ахоп. Паводле ацэнак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня пратэставыя акцыі адбыліся ў 33 гарадах.
  • Пратэст моцна радыкалізаваўся. Ягоныя удзельнікі ўступалі у жорсткія сутычкі з супрацоўнікамі МУС.
  • Нягледзячы на затрыманьне ў першую ноч каля 3 тысяч чалавек, гэта ня зьбіла пратэставую хвалю на наступны дзень.
  • Няма канкрэтнага суб’екта, які б рэпрэзэнтаваў патрабаваньні абуранага народу.
  • У беларускім расколатым грамадзтве няма палітычных сілаў, якія б паспрабавалі узяць на сябе ролю пасярэднікаў, прапанавалі мэханізм мірнага разьвязаньня крызысу.

Пратэсты маюць некалькі асаблівасьцяў, якія адрозьніваюць іх ад ранейшых. Найперш, гэта шырокі ахоп. Паводле ацэнак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня пратэставыя акцыі адбыліся ў 33 гарадах.

Калі казаць пра сталіцу, то ўлады расьсякаюць сілы пратэстоўцаў, перакрываюць цэнтар гораду і не дазваляюць сканцэнтравацца ў адным месцы. У выніку акцыі адбываюцца ў розных раёнах, пунктах Менску. І гэта стварае дадатковае візуальнае ўражаньне, што пратэстуе ўвесь горад. Але ў выніку цяжка палічыць агульную колькасьць удзельнікаў.

Другі момант. Падзеі ў ноч з 10 на 11 жніўня паказваюць, што пратэст моцна радыкалізаваўся. Замест заклікаў «Міліцыя з народам!» пратэстоўцы ўступалі ў жорсткія сутычкі з супрацоўнікамі МУС. У некаторых месцах паўсталі барыкады. Асабліва жорсткае супрацьстаяньне назіралася ў Менску і Берасьці.

Трэцяя асаблівасьць. Пра ўпартасьць пратэсту сьведчыць тая акалічнасьць, што жорсткі разгон у ноч з 9 на 10 жніўня ня зьбіў пратэставую хвалю.

Нагадаю, што пасьля разгону на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году і затрыманьня больш як 1 тысячы чалавек назаўтра на вуліцу выйшла толькі невялікая купка людзей. Лукашэнка выхваляўся, што дастаткова было паўтара дзясятка хвілін, каб расьсеяць увесь пратэст.

Цяпер жа ў першую ноч затрымалі, паводле інфармацыі МУС, каля 3 тысяч чалавек. Аднак назаўтра пратэсты аднавіліся. Чаму такая розьніца? Бо ў 2010 годзе не было такой перавагі грамадзкага настрою на баку апазыцыі. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка сапраўды тады набраў больш, чым ягоныя апанэнты. Цяпер адбыўся псыхалягічны пералом у грамадзтве. Праціўнікі Лукашэнкі адчуваюць сябе большасьцю.

Пратэсты носяць стыхійны характар. Няма канкрэтных арганізатараў, нейкага штабу, лідэраў, пляну. Не да канца зразумела, якія патрабаваньня яны вылучаюць. Зразумела, што яны змагаюцца за сумленныя выбары. Але выбары нібыта адбыліся, іх вынікі афіцыйна агучаны. І чаго цяпер патрабаваць? Новых выбараў? Ці справядлівага падліку галасоў пасьля галасаваньня 9 жніўня? Ці адстаўкі Лукашэнкі (на акцыях гучаць лёзунгі «Сыходзь!»).

Няма канкрэтнага суб’екта, які б рэпрэзэнтаваў патрабаваньні абуранага народу. Штаб Сьвятланы Ціханоўскай ад гэтай ролі ўхіліўся. Калі б улады раптам захацелі ўступіць у перамовы, то пакуль не зразумела, зь кім іх весьці.

Больш за тое, у беларускім расколатым грамадзтве няма палітычных сілаў ці проста аўтарытэтных асобаў, які я б паспрабавалі ўзяць на сябе ролю пасярэднікаў, прапанавалі нейкі мэханізм мірнага разьвязаньня крызісу. Маўчаць лідэры зарэгістраваных палітычных партыяў. Чаму не чуваць голасу вядомых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, кіраўнікоў творчых саюзаў, якія прэтэндуюць на статус маральных аўтарытэтаў?

Пазыцыя ўладаў ясная і зразумелая. Усіх душыць, разганяць, хапаць. За 26 гадоў нічога новага яны не прыдумалі. Лукашэнка не прызнае ўвогуле існаваньня той часткі народу, якія выступае супраць яго. Гэта, маўляў, «правакатары», «адмарозкі», «авечкі», «п’яныя», «абкураныя», «наркаманы». Але калі такая сытуацыя будзе працягвацца, то, баюся, у турмах і калёніях ня хопіць месца. І давядзецца ці звозіць затрыманых на стадыёны, ці будаваць канцэнтрацыйныя лягеры.

Тым часам улады, пад выглядам аховы, узялі ў акружэньне штаб Ціханоўскай. Саму Сьвятлану, пад ціскам пагроз, фактычна выштурхалі за мяжу. Яна прызнала, што яе паставілі перад нялёгкім выбарам.

Лёгіка зразумелая. Калі фактычны пераможца выбараў знаходзіцца ў краіне, то гэта небясьпечна. Яе публічныя прэтэнзіі на тое, каб заняць пасаду прэзыдэнта, маглі б стварыць псыхалягічную сытуацыю дваяўладзьдзя. А за мяжой яна менш небясьпечная. Пагатоў Ціханоўская была сымбалем пратэсту. І цяпер, калі згаданы сымбаль зьехаў за мяжу, гэта, паводле лёгікі ўладаў, павінна зьбіць хвалю пратэсту.

Ці апраўдаюцца такія разьлікі? Ня факт. Нагадаю, што нэўтралізацыя Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі ня зьбіла хвалю незадаволенасьці ўладай.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG