Затрыманая 9 жніўня ў Менску здымачная група тэлеканалу «Дождь» вярнулася ў Расею. Супрацоўнік пасольства Расейскай Фэдэрацыі давёз іх да Смаленску, паведамляе БелаПАН.
Карэспандэнтаў «Дождя» Уладзіміра Роменскага, Васіля Паклонскага і апэратара Мікалая Анціпава затрымалі 9 жніўня.
«На відэа бачна, як людзі ў цывільным і масках кладуць іх на асфальт, а потым звозяць у невядомым кірунку», — гаварылася ў паведамленьні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Прадстаўнік штабу незарэгістраванага кандыдата Віктара Бабарыкі і паплечніца кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Калесьнікава паведаміла тэлеканалу «Дождь», што журналістаў затрымалі пасьля таго, як яны паразмаўлялі зь ёй на вуліцы.
Пазьней тэлеграм-канал Mash апублікаваў камэнтар афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расеі Марыі Захаравай, якая заявіла, што карэспандэнтаў затрымалі праз адсутнасьць акрэдытацыі.
7 жніўня затрымалі і дэпартавалі зь Беларусі карэспандэнтаў тэлеканалу «Настоящее время» — грамадзянаў Украіны і Расеі. У іх таксама не было акрэдытацыі.