Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня спыніцеся — вас пасадзяць, а дзяцей забяруць у дзіцячы дом». Вялікае інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская ў Берасьці.
Сьвятлана Ціханоўская ў Берасьці.

У выпадку фальсыфікацыі выбараў беларусы будуць гатовыя абараняць свае галасы — у гэтым упэўненая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. У эксклюзіўным інтэрвію Ірыне Рамалійскай, вядоўцы тэлеканалу «Настоящее время», яна расказала, ці лічыць сябе сапраўдным лідэрам, чаму яе дапусьцілі да выбараў, а таксама падзялілася сваімі асабістымі перажываньнямі і страхамі.

— Як яно?

— Ой, цяжка.

— Чакалі, ува што ператворыцца ваша жыцьцё?

— Не, не чакала.

— Не пашкадавалі аб прынятым рашэньні?

— Цяпер ужо не шкадую. Было вельмі шмат усялякіх эмоцый. І сто разоў шкадавала, і сто разоў была гатовая кінуць гэта ўсё. Але цяпер, калі я бачу, што гэтыя людзі, якія прыходзяць да нас на пікеты, і колькі людзей не даехала, і колькі людзей зьбіраецца, незалежна ад таго, прыяжджаем мы, прыяжджаю я ці не прыяжджаю, — гэта выразны пасыл, што людзі хочуць пераменаў. Людзі прачнуліся: яны больш ня хочуць жыць у страху, прыніжэньні, яны хочуць адчуваць сябе людзьмі ў сваёй краіне. Гэта вельмі натхняе. Я разумею, што за мной людзі, вакол мяне людзі, наперадзе мяне людзі.

— А калі было цяжэй за ўсё? Вось вы кажаце, што хацелася здацца.

— А ўвесь час! Я памятаю самы яркі, вядома, момант — гэта той тэлефонны званок, калі я была ўпэўненая, што далей не пайду, таму што гэта ўсё было ўжо занадта.

— Тэлефонны званок?

— Калі патэлефанавалі і сказалі, што цябе ў турму, у цябе дзяцей [адбяруць]. Прычын для гэтага не было, ведаеце.

— Гэта ж быў інкогніта, так?

— Гэта быў званок з украінскага нумару: «Мяне прасілі перадаць, што калі вы цяпер ня спыніцеся, лепш спыніцеся, інакш ёсьць пэўная інфармацыя, што вас пасадзяць у турму, а дзяцей забяруць у дзіцячы дом». Ну гэта такое, ведаеце, было так нізка і подла. Я ніколі з гэтым не сутыкалася і як мама, вядома, вельмі запанікавала. І вырашыла: «Ну куды, гэта мае дзеці, і я павінна іх абараняць». І я на той момант адчувала ўжо велізарную адказнасьць за людзей, якія паверылі Сяргею, у яго, потым у мяне паверылі. Але ніводная мама не ахвяруе сваімі дзецьмі дзеля каго б там ні было.

Сьвятлана Ціханоўская і Ірына Рамалійская
Сьвятлана Ціханоўская і Ірына Рамалійская

Але потым села, падумала, што гэта вельмі… Аб’ектыўных прычын мяне саджаць у турму або дзяцей забіраць у дзіцячы дом няма. І калі я прыму нейкія меры бясьпекі, то гэтага можна будзе пазьбегнуць. Гэта быў адзін аргумэнт за тое, што мне варта ісьці далей. І другі аргумэнт быў — мы тады былі ў паездцы па здачы подпісаў, — што мы ўсё ж такі подпісы павінны здаць, таму што людзі стаялі, людзі зьбіралі. І там мы паглядзім: зьбяром мы гэтыя 100 тысяч, не зьбяром. Таму што перашкод да гэтага было вельмі шмат: і затрыманьне нашых сяброў ініцыятыўнай групы, і магла быць рызыка непрыняцьця гэтых подпісаў, як потым здарылася ў Цапкалы. Гэта значыць, фактараў магло быць шмат, але гэта мой абавязак — здаць гэтыя подпісы, зрабіць усё, што ад мяне залежала на той момант.

Я ўзяла сябе ў рукі і паехала далей гэтыя подпісы здаваць. Гэта быў самы напружаны момант. Але наогул у той пэрыяд ты кожную раніцу прачынаесься — і табе страшна. Страшна, што прыйдуць цяпер зь ператрусам, таму што гэта быў той пэрыяд, калі забралі Сяргея. Я проста выпала з жыцьця. Я зборам подпісаў не займалася наогул, людзі ўсё зрабілі самі. Я ня езьдзіла на ніводзін пікет, я тады наогул практычна нікога ня ведала з маёй ініцыятыўнай групы, то бок кіраваць гэтым працэсам я фізычна не магла. І маральна таксама.

Сьвятлана Ціханоўская ў Ваўкавыску
Сьвятлана Ціханоўская ў Ваўкавыску

І вось людзі проста праявілі цуды самаарганізацыі, яны таксама зьдзейсьнілі подзьвіг у той момант. Людзі, якія зьбіралі гэтыя подпісы, і людзі, якія прыходзілі і гэтыя подпісы аддавалі за мяне. Гэта значыць, гадзінныя чэргі даўжэзныя, нягледзячы на тое, што лідэра пасадзілі і здавалася б, што ўсе павінны знэрвавацца, ісьці больш няма за кім. Ну ведаеце, як у нас было раней: павінен быць абавязкова лідэр, і тады ўсе пойдуць за ім. Але ў гэтым годзе так атрымалася, што ў нас кожны сам сабе лідэр. Яны арганізоўваюцца, яны аб’ядноўваюцца.

— Вы разумееце, што вы цяпер лідэр для іх?

— Не. Я ня лідэр. Я не Ціханоўскі, гэта Ціханоўскі — лідэр. Ён мог аб’яднаць вакол сябе, у яго такая энэргетыка, яго харызма, гэтая сіла ўнутраная, калі людзі бачаць, што ён можа сказаць праўду — і сказаць праўду такімі словамі, што яна даляціць да кожнага. Я не такая, я спакойная. Для мяне сказаць нешта, заклікаць да нечага — гэта не маё, я так ня ўмею.

— Вы цяпер сталі лідэрам.

— Я? Не, я ня стала лідэрам. Я магу сказаць, што я стала сымбалем, але ніяк ня лідэрам, разумееце? Я да нечага, да нейкіх подзьвігаў, што менавіта трэба рабіць так, заклікаць да нечага — я так не змагу, я так ня ўмею. Для гэтага патрэбная моц унутраная, але няма ў мяне такога.

— А страх застаўся?

Сьвятлана Ціханоўская. 22 чэрвеня 2020
Сьвятлана Ціханоўская. 22 чэрвеня 2020

— Страх застаўся, але не такі моцны, як раней. Таму што ў той пэрыяд, ведаеце, я неяк засталася адна. Мужа няма, я не разумею, што мне рабіць, ці правільныя рашэньні прымаю. Ці, можа, варта зьняцца, і яго выпусьцяць, ён стане нецікавы. Ты не разумееш, як вядуцца гэтыя палітычныя гульні. І ты адна, і ў цябе дзеці, і ты чакаеш кожны дзень ператрусу. Ты ня можаш выйсьці з хаты, таму што могуць прыйсьці табе нешта падкінуць — у нашай краіне ўсё роўна, добрая ты маці ці дрэнная, але калі прыйшлі і ў цябе нешта выявілі, што незразумела як туды трапіла, то ты ўжо ніяк ня выкруцісься — усё, прысуд табе.

Таму былі нейкія спробы неяк сябе засьцерагчы: не выходзілі з хаты, абавязкова хтосьці павінен быць дома заўсёды. І вось ты ходзіш, табе страшна, што ты выйдзеш, цябе ў бус заграбуць і павязуць у невядомым кірунку, потым бабулям прыйдзецца шукаць, дзе ты. І ты бачыш, што тваіх сяброў ініцыятыўнай групы проста так забіраюць зь пікетаў.

— Супрацоўнікі ў цывільным, так?

— Так, супрацоўнікі ў цывільным, якія ніколі не прадстаўляюцца. Яны ціха падыходзяць, ціха цябе адводзяць, ціха вязуць, і ўсё. Яны нічога ня кажуць, цябе ня чуюць. «Назавіце сябе?» — ён маўчыць. Таму іх і называюць ціхары: назіраюць, здымаюць сабе, каб потым да кожнага прыйсьці і кожнага забраць. Але нават гэта людзей не спыніла! Значыць, у людзей настолькі высокі запыт на перамены, яны настолькі стаміліся, і вельмі шмат фактараў у гэтым годзе паўплывала менавіта на самасьвядомасьць людзей. Баюся я, і кожны чалавек баіцца. Хтосьці баіцца стужачку надзець гэтую, хтосьці баіцца не пайсьці на датэрміновае галасаваньне. Але нехта гэты страх пераступае, нехта яшчэ ня можа, але ён вагаецца, а нехта ніколі ня зможа. Гэта ўжо кожны чалавек сам для сябе вырашыць.

— Як вы ўнутры з гэтым страхам спраўляецеся, калі проста страшна?

— А па-рознаму. Бывае настолькі табе дрэнна — было, я пра цяпер не кажу, таму што цяпер усё ж такі іншы час, калі ў цябе ёсьць магутная падтрымка з твайго штабу, дзе мяне падтрымліваюць канкрэтныя людзі, якія за цябе гарой. Плюс далучыліся яшчэ два штабы са сваімі рэсурсамі, і яны частку пытаньняў па арганізацыі ўзялі на сябе.

Гэта значыць, ты не павінна вырашаць адразу мільён пытаньняў, і ты разумееш, што мы ідзем разам. А тады я была адна. Калі ты адна і на цябе находзіць, разумееце, гэта проста такі гістэрычны стан, калі ты хочаш усё кінуць. І ты разрываесься паміж сваім камфортам і той адказнасьцю, якую ты на сябе ўзяла. І людзі ў цябе паверылі, людзі табе паверылі. І яны ўсё роўна бачаць у табе ўжо — Ну у Ціханоўскім, але ў табе, калі ты стала на яго месца, нейкую надзею, што чалавек змог, ён павінен ісьці да канца; лепш за ім, лепш за гэтым чалавекам. А цябе проста разрывае, табе ня хочацца гэтага нічога. Хочацца проста залезьці пад коўдру, каб гэта ўсё скончылася.

— Хочацца плакаць?

— Так. Зараўла, паплакала, пагістэрыла, узяла сябе ў рукі і ідзеш далей.

— Часта плачаце?

— Цяпер ужо не, а тады — так. Гэта нават не таму, што табе крыўдна, а таму, што ты ня ведаеш, гэты страх — ён акумулюецца-акумулюецца, і проста ў адзін момант цябе прарывае. І ты праплакала, лягчэй стала на душы, і ты разумееш, што ня можаш пакінуць, павінна. Ты апынулася на гэтым месцы, гэта тваё рашэньне. Калі ў нас было больш за 140 тысяч подпісаў, мы сабралі і здалі іх. І вось чакаем рашэньня, колькі прынялі, — і зноў ты разрываесься. Ты разумееш, што табе лепей, каб мы гэтыя подпісы не сабралі. Тады ты ад гэтага ўсяго вызвалісься, і ўсё. Гэта значыць, настолькі гэта села цяжкім грузам. А з другога боку, разумееш, што раз мы гэта зрабілі, змаглі гэтыя подпісы сабраць, значыць, нашы людзі гэтага хочуць. Ну нельга, значыць, зараз проста ўзяць і спыніцца. І вось гэтыя вось арэлі былі: не хачу, каб сабралі, і хачу, каб сабралі.

— Гэта проста дзіўна. Я збоку назіраю, як я сабе вас бачу, калі ня маю рацыі, папраўце. Дзяўчына, якая ніколі ня думала пра палітыку, каб у ёй удзельнічаць: разьмеранае жыцьцё, каханы чалавек змагаецца за нешта, гатовая падтрымліваць маральна, дома ў асноўным, ёсьць любімыя дзеці, каханы чалавек — і раптам на вас уся адказнасьць. На вас зараз глядзіць увесь сьвет. Я гартаю стужкі журналістаў з розных краін, якія пішуць: «Шок! Сэнсацыя! Такога не магло быць, ніхто ня мог прадказаць. Яна на шчыце гэтай барацьбы».

25 траўня 2020. Сяргей Ціханоўскі на выбарчым мітынгу ў Менску.
25 траўня 2020. Сяргей Ціханоўскі на выбарчым мітынгу ў Менску.

— Так, так і здарылася, усё менавіта так. Калі Сяргей усё гэта пачаў рабіць, я разумела, чаму ён гэта робіць, ён сам з гэтым сутыкнуўся. Я ўжо казала, што ў палітыку ты павінен прыйсьці як да рэлігіі, як да веры, гэта не адбываецца ў адзін момант: бац! — і ты ўжо ў палітыцы. І вось ён паволі да гэтага ішоў, ён да гэтага прыйшоў, таму што сам сутыкнуўся з гэтай сыстэмай. І я, як і ўсе людзі: ты ж усё роўна нічога ня ведаеш.

А ў яго настолькі моцная была вера, ён наогул быў сьмелы чалавек, проста ён гэтага не кранаў. Ён сабе спакойна працаваў, у яго была любімая справа. Усе людзі, большасьць, апалітычныя — жывуць кожны ў сваім маленькім сьвеце, ім там камфортна. Так, у суседа горш, у таго лепш, але вось выжываюць як могуць. Хтосьці горш жыве — зацягну пояс тужэй, і ўсё роўна сядзіш і не высоўваесься, толькі б цябе нідзе не загрэблі. Страх у гэтых людзях сядзіць.

А Ціханоўскі — не: ён у мяне быў сьмелы, ён ёсьць сьмелы. І ён пачаў адкрыта казаць праўду словамі, якія даляталі да кожнага, ня нейкімі там, як палітыкі ўмеюць, прыгожымі словамі, каб і ўладзе дагадзіць, і нешта сказаць. Не, адкрытым тэкстам: так, так і так, безгаспадарчасьць, карупцыя. Ён гэта ўсё пачаў агучваць, і людзі: «Можна ж гаварыць».

— Вы з такой любоўю пра яго гаворыце, з захапленьнем.

— Так, так і ёсьць.

— А колькі вы разам?

— Шаснаццаць гадоў.

— І захавалі [такія адносіны].

— Не, Ну разумееце, каханьне альбо ёсьць, альбо няма. Яно, вядома, відазьмяняецца, але калі б нешта такое ў маім жыцьці здарылася, я ўпэўненая, што ён бы стаў на мой бок, заступіўся. І калі я гэты крок зрабіла, гэта было нават ня тое што само сабой разумеецца, проста я ведала, што я нешта павінна зрабіць. Ну проста гэта атрымала такую форму, што я пайшла і замест яго падала дакумэнты, таму што не магла я. Я ведала, што гэта для яго значыць. Ня проста: Ну не зарэгістравалі, і ўсё, што ўжо, нічога страшнага. Гэта і ёсьць тая падтрымка, у сям’і яна ёсьць, разумееце.

— Раскажыце пра яго, у якім ён стане? У вас ёсьць сувязь зь ім?

— У нас ёсьць сувязь праз адваката, але гэта такія, ведаеце, бытавыя проста моманты. Мне могуць сказаць, як ён сябе фізычна адчувае, маральна, але пра справу і пра само сьледзтва я нічога ня ведаю. У яго ня вельмі добрыя ўмовы. Ён цяпер, паводле апошніх зьвестак, сядзіць у малой камэры, дзе адну траціну займае туалет. Гэта значыць, вы ўяўляеце сабе гэтыя габарыты — гэта прыніжальныя для чалавека ўмовы, калі ён пад сьледзтвам, але ён невінаваты. Такі ж чалавек, як вы, якога проста зьмясьцілі ў гэтыя ўмовы, таму што ўлада прыдумала сабе, што ён у нечым вінаваты. Добра, калі вы так лічыце, ён жа не вінаваты, чаму вы яго трымаеце ў такіх умовах? Гэтыя карцары, калі два запар, — гэта наогул нонсэнс. За павуціньне, там яшчэ за нешта.

— Што за павуціньне?

— Ён трапіў у карцар за тое, што нешта крычаў у акно, хоць потым, калі быў суд, там было даказана, што і акна там асабліва няма таго, дзе ён мог зьмясьціцца. Карацей, шмат супярэчнасьцяў. Вы ж разумееце, што ў нас закон як дышаль. Таму сказалі яму скаргу гэтую не задавальняць — і не задаволілі. Як у нас глухі пляскае, а нямы крычыць. З гэтай жа сэрыі.

Трапіў ён у карцар, там сем сутак адбыў, яму прад’явілі, яны ж самі прыбіраюць гэтыя карцары, там была павуціна пад трохмэтровай стольлю, гэта таксама дысцыплінарнае спагнаньне, яму за тую павуціну падаўжаюць зноў карцар. Ну а што ты зробіш? І ён зноў скардзіцца, і зноў аказваецца, што скарга не задавальняецца. Яму цяжка, вельмі цяжка.

— Ці не зламаўся?

— Не, вы ж бачылі. У яго быў суд у Магілёве. Яго паказвалі па скайпе. Заўтра ў яго зноў суд, я туды паеду. Калі там дадуць відэасувязь, то я буду прысутнічаць. Як у апошнім судзе відэасувязь не далі, то мне сэнсу няма быць на працэсе, там працуюць адвакаты. Гэта значыць, я іду туды толькі дзеля таго, каб на яго паглядзець. Зноў жа, гэта ўсё па гэтых скаргах.

— Пра не зламаўся.

— Не зламаўся. Ён там, паказалі па скайпе: «Людзі, я ў вас веру», з судзьдзёй спрачаецца. Яго са справай не знаёмяць, яго пазбаўляюць правоў наогул элемэнтарных, і ён з гэтым спрачаецца. Гэта значыць, ён ня зломіцца ніколі, ён вельмі моцны і сьмелы чалавек. Маральна яго дакладна ня зломяць, фізычна — я спадзяюся, што не крануць. Ведаеце, калі чалавек сустракаецца з адвакатамі і яны разумеюць, што адвакат гэта можа вынесьці за межы, там калі нейкія пабоі будуць, гэта ня той час, калі гэта ўсё схаваць можна.

Ён мяне падтрымлівае, я ведаю. Кажа: «Ёй там лепш відаць, што рабіць».

— Уявіце, выйдзе, убачыць жонку новую, іншую.

Выбарчы пікет у Горадні 1 жніўня. Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава.
Выбарчы пікет у Горадні 1 жніўня. Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава.

— Я ж не зьмянілася настолькі радыкальна. Усе кажуць: зьмянілася, стала мацнейшай. Так, я стала мацнейшай адносна сябе той два месяцы таму. Гэта нейкія ўнутраныя сілы, але, магчыма, гэтыя сілы былі ўва мне заўсёды, проста жыцьцё мяне ніколі ня ставіла перад такімі ўмовамі, што я павінна была гэта ўсё навонкі выцягнуць. Магчыма, мяне сытуацыя загартавала, я ня ведаю.

Я ня думала, што мой той учынак людзі ацэняць як нешта гераічнае, таму што я гэта рабіла дзеля каханьня, дзеля мужа, каб яго падтрымаць. Гэта ўжо потым вылілася ў нешта такое.

— Ці можаце вы ацаніць ход перадвыбарнай кампаніі Лукашэнкі?

— Я ўвогуле ня бачу, каб нейкая перадвыбарная кампанія вялася. Бо нас паставілі ў абсалютна няроўныя ўмовы, я ня думаю, што… Так, ён дзейны прэзыдэнт, але ён жа ўсё роўна яшчэ зьяўляецца і кандыдатам у прэзыдэнты. Я ня думаю, што ён павінен езьдзіць па заводах, адкрываць нейкія бальніцы або яшчэ нешта. Лужыны нейкія адкрываць, як ён выказваецца. Таму што гэта выкарыстаньне адміністрацыйных рэсурсаў. То бок гэта няправільна. З гэтым, зноў жа, мы нічога зрабіць ня можам.

А тое, што нам усялякія перашкоды зараз выстаўляюць пры правядзеньні нашых пікетаў, — гэта, вядома, наогул не падлягае ніякай крытыцы. Дзе ў нас пікет — катлаван рыюць, дзе ў нас пікет — аказваецца, ужо да нас было ўзгоднена нейкае мерапрыемства, мы павінны сцэну пераносіць, яе разьбіраць. Гэта ўсё перашкоды нашай перадвыбарнай кампаніі. Але мы справімся. Мы спраўляемся, мы і не праз такія перашкоды праходзілі. Людзі ж гэта бачаць, гэта ўсё заўважаюць. Людзі разумеюць, што гэта робіцца, таму што ім страшна. Страшна, што столькі людзей супраць.

Разумееце, гэта настолькі дробязна, гэта ж відавочна. У нас паведамляльны мэтад правядзеньня пікетаў. Мы апавясьцілі, умоўна ўзгоднена, раз апавясьцілі. Потым, калі за некалькі дзён да нашага галоўнага пікету пачынаюць нейкую сваю сцэну ўсталёўваць і праводзіць там вечар клясычнай музыкі, то ўсе разумеюць, для чаго гэта робіцца.

— Вы думаеце, гэта ўказаньне зьверху, ад Лукашэнкі? Ці гэта на месцах чыноўнікі?

— Ну я ня думаю, што ён кажа: там сцэну пастаўце, каб яны там не правялі пікет. Не. Гэта ж нейкая агульная каманда перашкаджаць правядзеньню перадвыбарнай кампаніі. А ўжо хто як зразумеў і хто як можа гэтаму перашкаджаць — гэта ўжо іншае пытаньне. Як нас папярэджвалі аб правакацыях у тым пляне, што людзі прыйшлі, а праз 10 хвілін яны ўсталі і сышлі — гэта таксама правакацыя. Яна прымае розныя зусім формы, гэта не абавязкова нейкі фізычны кантакт, як было зь Ціханоўскім.

Мы гэта прадугледжваем. Мы людзям дзякуем, што яны хоць бы 10 хвілін пасядзелі. Мы абсалютна прыязна да ўсіх ставімся.

— Як вы думаеце, ён баіцца вас?

— Я ня думаю, што ён баіцца. Я наогул ня ведаю, што там адбываецца. Можа, чалавек наогул ня ведае, што ў Беларусі робіцца. Ён, можа, думае, што ў яго высокі рэйтынг, людзі яго падтрымліваюць гэтак жа. Можа, ён застаўся ў 90-х гадах і яму здаецца, што і народ такі ж, усе яго падтрымліваюць. Я ня ведаю. Нам жа не гавораць пра гэта. Хоць у Берасьці ён казаў нешта пра 3%, значыць, нешта даходзіць, нейкія чуткі.

Баіцца — наўрад ці, ён усё ж такі мацёры палітык. Калі казаць асабіста пра мяне — чаго мяне баяцца? Але калі казаць пра мяне як пра ўвасабленьне ўсяго народу, усіх людзей Беларусі, якія ня хочуць больш так жыць, то я думаю, што ён як мінімум у роспачы, у разгубленасьці. У нас было, вядома, супрацьстаяньне, вы памятаеце крывавыя гады, гэта ўсё вельмі страшна, у людзях гэты страх сядзіць, гэта фізычнае здушэньне волі народу. Але тады гэта проста прымала трошкі іншую форму: плошча, барыкады.

Цяпер гэта ўсё, па-першае, не сканцэнтравана ў Менску, гэта цяпер па ўсёй Беларусі. Нават у малых гарадах людзі пачалі разумець, што так не павінна быць, я чалавек, я грамадзянін гэтай краіны. Чаму мне затыкаюць рот, чаму я не магу гаварыць, пляскаць, хадзіць? Гэта самасьвядомасьць наогул усяго народу, а ня нейкай адной пратэставай групы.

— Як думаеце, чаму ён вас наогул дапусьціў і да гэтага часу ня зьняў з кампаніі?

— Як я гэта бачу, магчыма, у яго былі іншыя матывы. У гэтых палітычных гульнях разьбярэцца толькі той, хто сам у іх гуляе. Зарэгістравалі для таго, каб пасьмяяцца. Гэта маё суб’ектыўнае меркаваньне, я так адчуваю. Таму што вырашылі: Ну Ціханоўская падала — давайце паглядзім. Яна, па-першае, жанчына, хто там за жанчыну наогул пойдзе, у нас Канстытуцыя «не пад жанчыну», жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Паглядзім, хто за яе наогул галасаваць пойдзе. Парагочам потым.

Выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня 2020
Выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня 2020

Але калі ён убачыў вось гэтыя чэргі, якія пачалі зьбірацца. Сяргей быў кіраўніком маёй ініцыятыўнай групы, ён паехаў па гарадах як кіраўнік, пачалі зьбіраць галасы за Ціханоўскую, і яны ўбачылі маштабы гэтыя, што, нягледзячы на тое, што там не Ціханоўскі, а Ціханоўская, людзі пайшлі, таму што разумеюць, што гэта ўсё-такі жонка. Былі, напэўна, у людзей сумневы, я ня ведаю. Многія потым казалі, што так, за Ціханоўскім глядзелі, яны яго падтрымлівалі, але калі адбылася сытуацыя, што замест мужа стала жонка, то ў іх таксама адбыўся нейкі зрух самасьвядомасьці, што мы павінны паступіць гэтак жа, мы павінны ўсе ўстаць замест яго, мы павінны стаць на яе абарону. Яна абараніла свайго мужа, вось гэта ўчынак. Вось за гэты ўчынак людзі таксама пайшлі.

Хоць, кажу, я ні ў якім разе ня ўзношу сябе, на той момант я наогул ня думала, што я нейкі вялікі ўчынак зьдзяйсьняю. Не. Я зрабіла гэта дзеля мужа. І ніколі не казала, што я зрабіла гэта першапачаткова дзеля ўсіх людзей. Толькі дзеля мужа быў гэты мой першы крок. Потым ён выліўся ў нешта большае, і ў выніку — адказнасьць перад людзьмі.

І калі яны ўбачылі гэтыя чэргі, я думаю, што яны спалохаліся, што яны ўсё ж такі нешта недзе ня тое зрабілі.

— Чаму ня зьняў?

— А за што?

— Можна крымінальную справу скляпаць, закрыць можна.

— Я сяджу дома — якая супраць мяне крымінальная справа? Я нікуды не выходжу, я не пакідаю дом.

— Сяргея ж закрылі, правакацыю такую наладзілі вельмі лёгка.

— Дык я нідзе не зьяўлялася.

— Цяпер.

— Цяпер гэта занадта далёка зайшло, па-першае. Па-другое, магчыма: так, Ціханоўская была, за яе людзі пайшлі, але гэта ўсё роўна не Ціханоўскі. Калі б быў Ціханоўскі, усё было б зусім па-іншаму. Ён бы сабраў такую моц людзкую за гэты час, вы проста не ўяўляеце. Было яшчэ два моцныя кандыдаты, мы ня можам гэтага адмаўляць. Яны, напэўна, убачылі, што яны ў палітыцы прасунутыя. Ціханоўская, хатняя гаспадыня, засталася, якую яна праграму наогул можа выдаць? Ці зможа яна наогул у нейкіх палітычных дэбатах удзельнічаць ці гаварыць як палітык? Не, не магла б. І яны ліквідавалі на гэтым этапе двух моцных канкурэнтаў. Але, каб паказаць намёк на дэмакратыю, яны мяне пакінулі. Таму што ўсе мы бачылі пра гэты дом, што ён ня быў унесены ў дэклярацыю, і мяне проста выцягвалі з гэтага. Ім трэба было пакінуць некага аднаго, за каго народ стаіць.

Дзявятага-дзясятага чаго чакаеце?

— Дзявятага — правядзеньне выбараў, дзясятага абвяшчаюць вынікі — і Ціханоўская становіцца прэзыдэнтам.

— А калі абвесьцяць вынікі, што не?

— Тады мы будзем абараняць свае галасы. Усё будзе прапісана. Людзі атрымаюць дакладную інструкцыю, што трэба рабіць. Гэта абарона галасоў. Мы ўбачым падлік ЦВК, і мы ўбачым рэальны падлік галасоў з дапамогай нашых ініцыятыў, гэта будзе відавочна. І мы зможам пайсьці кожны ў свой участак і абараняць свае галасы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG