Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму выгадная справа «вагнэраўцаў» у Беларусі?


Што такое справа «вагнэраўцаў» — прадухіленьне сілавога ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы Беларусі ці інсцэніроўка, зладжаная Лукашэнкам? Што даказваюць дэталі гэтай справы? Хто выйграў ад справы «вагнэраўцаў»?

Пра гэта ў «Праскім акцэнце» спрачаюцца намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец і палітоляг, выкладчык расейскай Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец.

Сьцісла

Балкунец

  • Па тым, як гэта было зроблена, я схіляюся да думкі, што гэта была правакацыя. Мяркую, што гэтых хлопцаў нейкім чынам завабілі ў Беларусь
  • Цяпер Макей вядзе перамовы з заходнімі дыпляматамі, угаворваючы іх ня ўводзіць санкцыі нават у выпадку жорсткага разгону мітынгаў
  • Расея менш за ўсё сёньня зацікаўленая ў дэстабілізацыі, Майдане ў Беларусі. У самой Расеі ёсьць Далёкі Ўсход, які бурліць. І атрымаць яшчэ адну «гарачую кропку» на заходнім рубяжы — Масква будзе першая абараняць Лукашэнку, каб нічога зь ім ня здарылася

Панкавец

  • У адрозьненьне ад вэрсіі пра джып, які прарываўся праз украінска-беларускую мяжу ў 2017 годзе, цяпер названыя канкрэтныя асобы, пра іх дзейнасьць можна пачытаць хаця б на сайце ўкраінскага «Міратворца»
  • Адзіны добры момант у гэтай сытуацыі, які я бачу, — гэта заявы нашых сілавікоў у сувязі з гэтай справай: Наскевіча, Раўкова, Вакульчыка. Гэтай справай яны вельмі моцна адсякаюць сябе ад Расеі
  • Казаць, што Расея белая і пухнатая і ні ў якім разе ня можа ўмешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі — гэта папулізм і трызьненьне

Панкавец: Маюць права на існаваньне і вэрсія пра напад, замах на сувэрэнітэт Беларусі, і вэрсія інсцэніроўкі. Але, у адрозьненьне ад вэрсіі пра дохлых пацукоў у 2006 годзе і ад вэрсіі пра джып, які прарваўся праз украінска-беларускую мяжу, у 2017 годзе, цяпер названыя канкрэтныя асобы, пра іх дзейнасьць можна пачытаць хаця б на сайце ўкраінскага «Міратворца». Яны ваявалі ва Ўкраіне, у іншых месцах, гэта сапраўды падрыхтаваныя баевікі. Незразумела, чаму многія беларускія незалежныя СМІ пішуць «баевікі» ў двукосьсі. Яны і насамрэч баевікі. Давайце не рабіць выгляд, што гэта цудоўныя людзі, якія проста ехалі адпачываць у Турэччыну. Пытаньняў у гэтай справе шмат. Але вэрсія пра пастаноўку мне не падаецца найбольш імавернай.

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Балкунец: Падчас ранейшых выбарчых кампаніяў кожны раз абвяшчалася пра зьяўленьне нейкіх баявікоў. Толькі раней абвяшчалася, што яны з Украіны ці Польшчы, хоць пасьля выбараў яны некуды зьнікалі. Цяпер гаворыцца, што баявікі з Расеі. 9 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што наступным крокам апазыцыі будзе стварэньне групаў баевікоў, каб зрабіць пабоішча на плошчы. За 5 дзён да затрыманьня гэтых грамадзянаў РФ Лукашэнка зноў сказаў, што нам хутка падкінуць баевікоў з прыватных вайсковых кампаніяў. Іншымі словамі, гэта быў плян. Па тым, як гэта было зроблена, я схіляюся да думкі, што гэта была правакацыя. Мяркую, што гэтых хлопцаў нейкім чынам завабілі ў Беларусь.

Дзьмітры Балкунец
Дзьмітры Балкунец

Я мяркую, што яны насамрэч ехалі транзытам празь Беларусь у трэцюю краіну, дзе меліся ахоўваць нейкія аб’екты. І беларускія ўлады пра гэта ведалі, гэта была сьцяжынка, якая ўжо выкарыстоўвалася доўгі час. І гэтая правакацыя была зладжаная дзеля некалькіх мэтаў. Першая — каб уступіць у перамоўны працэс з РФ на новых пазыцыях. Гэтымі днямі Лукашэнка ўжо заяўляў, што чакае званка з Масквы. Пакуль званка не было. І наўрад ці будзе. І ён хоча даказаць на Захадзе, што ёсьць умяшаньне Расеі ў беларускія выбары.

Цяпер Макей вядзе перамовы з заходнімі дыпляматамі, угаворваючы іх ня ўводзіць санкцыі нават у выпадку жорсткага разгону мітынгаў. Гэтым затрыманым расейскім грамадзянам прыпісваюцца сувязі зь Ціханоўскім і Статкевічам. Каардынацыя гэтых сувязяў прыпісваецца паліттэхнолягу Віталю Шкляраву, які таксама затрыманы. Гэта ўсё рассыплецца пасьля выбараў.

Панкавец: Фармулёўка Сьледчага камітэту, што затрыманыя баевікі «могуць быць зьвязаныя» зь Ціханоўскім і Статкевічам — яна і сапраўды маніпуляцыйная. Заява была двухсэнсоўная, СК потым можа і сказаць, што сувязі не былі выяўленыя.

Я ня ведаю прыкладаў, каб літоўцы ці палякі пасылалі сваіх баевікоў, каб умешвацца ва ўнутраныя справы іншых краінаў. А прыкладаў таго, як Расея спрабуе ўмяшацца ва ўнутраныя справы іншых краінаў, — вышэй за дах. І казаць, што Расея белая і пухнатая і ні ў якім разе ня можа ўмешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі, — гэта папулізм і трызьненьне. Відавочна, што ў час пераменаў Расея паспрабуе скарыстацца магчымасьцю, і я б не выключаў у тым ліку і засылку баевікоў.

Дракахруст: Паведамленьне ўладаў пра зьяўленьне ў краіне байцоў Вагнэра ў самых розных краінах — ад Украіны да Казахстану — выклікала б перасьцярогі сярод лібэральнай і нацыянальна-арыентаванай публікі. А ў Беларусі гэта выклікае рогат. Чаму?

Панкавец: Ну, як у старой байцы пра пастушка і ваўкоў. Пра «ваўкоў» крычалі і ў справе «Белага легіёну». Веры тады не было ніякай. Я таксама па-ранейшаму не выключаю такой магчымасьці, што гэта была правакацыя. Але адкідаць імавернасьць умяшаньня ва ўнутраныя справы я не магу. Адзіны добры момант у гэтай сытуацыі, які я бачу, — гэта заявы нашых сілавікоў у сувязі з гэтай справай: Наскевіча, Раўкова, Вакульчыка. Гэтай справай яны вельмі моцна адсякаюць сябе ад Расеі.

Балкунец: Я бачыў відэаздымкі таго, як «вагнэраўцаў» затрымлівалі. Яны ў ложках нават не варухнуліся. Я мяркую, што гэта быў падрыхтаваны сцэнар. Я ведаю, які рэжым пасяленьня ў гатэлі ІВВ, «Беларусачка» належыць ФПБ. Калі б у іх былі пляны, якія ім інкрымінуюцца, яны наўрад ці сяліліся б разам у такіх бачных і кантраляваных месцах. Расея менш за ўсё сёньня зацікаўленая ў дэстабілізацыі, у Майдане ў Беларусі. У самой Расеі ёсьць Далёкі Ўсход, які бурліць. І атрымаць яшчэ адну «гарачую кропку» на заходнім рубяжы — Масква будзе першая абараняць Лукашэнку, каб нічога зь ім ня здарылася.

Дракахруст: Ці могуць быць у гэтай справе нейкія дакладна ўстаноўленыя факты, якія дакажуць тую ці іншую вэрсію? Ці на ўсё можна прыдумаць тлумачэньне? Адны кажуць — дык у іх былі квіткі на самалёт. На гэта гаворыцца — дык гэта яны знарок, каб замаскавацца. Да таго ж у адным гатэлі сказалі, што едуць у аэрапорт, а паехалі ў санаторый. Тое, што знаходзіліся ў Беларусі адкрыта, — а можа, і гэта такая маскіроўка?

Панкавец: Не. Думаю, што ні я, ні Дзьмітры ня можа сказаць, што ёсьць нешта пэўнае, на чым можна грунтаваць свае ацэнкі. Мы спрабавалі даведацца. Адны кажуць, што Беларусь выкарыстоўвалася як транзытны пункт. Іншыя — што не выкарыстоўвалася.

Калі тое, што яны спакойна ляжалі ў ложках, калі іх затрымлівалі, — гэта пастаноўка, то ў чым сэнс такой пастаноўкі?

Балкунец: Я бачыў пастаноўку пра джып, які прарываўся празь мяжу, са зброяй і боепрыпасамі. Потым атрымалі ноту з Кіева, і справа заглухла.

Дракахруст: Уявіце такую сытуацыю. Рэцыдывіст, які рабаваў банкі, зьяўляецца каля чарговага банку, у які ў хуткім часе завязуць вялікія грошы. У гэтай сытуацыі казаць, што ён чысты, як немаўля, мне здаецца, неяк не выпадае.

Балкунец: З банкам гэта добрае параўнаньне. Нядаўна беларускія ўлады якраз захапілі банк, які належыць расейскаму капіталу, і абвінавацілі Бабарыку ў тым, што ён ледзь не галоўны бандыт Беларусі. Гэты ланцуг пачаўся ў траўні, калі Лукашэнка выгнаў журналістаў Першага каналу, потым здарылася справа «Белгазпрамбанку». Потым абвінавацілі Дзерыпаску і яшчэ нейкіх асобаў ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Я прысутнічаў на розных экспэртных нарадах у Маскве з палітыкамі і палітолягамі. Мэйнстрымнае стаўленьне — хай яно там ідзе як ідзе, але калі сытуацыя абвострыцца — дапамагаць Лукашэнку максымальна. Мы гэта бачым шмат гадоў.

Дракахруст: А іх выпусьцяць да 9 жніўня, як вы лічыце?

Балкунец: Не, я мяркую, што не. Пасьля 9-га выпусьцяць.

Дракахруст: А імавернасьць, што іх ці некаторых зь іх выдадуць Украіне?

Балкунец: Менш за 50%. Украіне ня выдадуць. Гэта проста шантаж.

Дракахруст: Зьміцер, а ваша думка — іх вызваляць да 9 жніўня?

Панкавец: Відавочна, не. Іх будуць выкарыстоўваць як дастаткова моцную карту. Хаця мне здаецца, што грамадзтву на гэта пляваць. На наступны дзень Ціханоўская правяла мітынг у Менску, дзе сабралася 60 тысячаў чалавек.

Дракахруст: А як вы гледзіце на такі варыянт: 9 жніўня штосьці адбываецца, і, магчыма, ня толькі ў Менску. І з Масквы, скажам, спадару Караеву тэлефануюць і кажуць: А можа, вам лепш быць з народам? І гэта гаворыцца, калі на вуліцах тысячы людзей. У такой сытуацыі балянсаваньня нават невялікі штуршок можа стаць саломінай, якая можа зламаць хрыбет вярблюду. Гэта магчыма?

Панкавец: Я хацеў бы, каб гэта было немагчыма. І я думаю, што гэта наагул немагчыма. І Караеў наўрад ці прыслухаўся б да такога званка, калі б ён і быў. Больш імаверна, што Караеву патэлефануе нейкі іншы ўплывовы чалавек зь Беларусі.

Балкунец: Вы крыху пераацэньваеце ролю Масквы ў гэтых працэсах. Думаю, што калі такі званок і будзе, Караеў на яго ніяк не адрэагуе. Я згодны, што калі такія званкі і будуць, то знутры Беларусі. Раскол эліты — вось гэта сапраўды можа зламаць хрыбет рэжыму. У тым ліку і раскол сярод бізнэсу, набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі, і раскол сярод сілавікоў. Я не выключаю, што будзе ўведзенае надзвычайнае становішча адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, каб людзі нікуды не выходзілі.

Панкавец: Мы разглядаем толькі адзін варыянт — што гэтыя баевікі рыхтавалі тут зрынаньне Лукашэнкі. А можа, яны прыехалі для таго, каб дапамагаць яму заставацца ва ўладзе? З гэтымі прэзыдэнцкімі выбарамі што б Лукашэнка ні рабіў, ён ня выйграе нідзе. Калі баевікі акажуцца сапраўднымі, гэта ніяк не паўплывае на ягоны рэйтынг, ніхто не падумае — малайчына, сапраўдны мужык, затрымаў тут гэтых галаварэзаў. Дзьмітры сказаў, што Лукашэнка пабудаваў антырасейскую кампанію і што ён яе прайграе. Ён не таму прайграе, што пабудаваў антырасейскую кампанію. А таму, што ён «дастаў» людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG