Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пра няроўныя ўмовы для кандыдатаў: на Лукашэнку працуе адміністрацыйны рэсурс


Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту Юры Кулажанка і давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі спрачаецца з гамельчукамі
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту Юры Кулажанка і давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі спрачаецца з гамельчукамі

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па выніках тыднёвага назіраньня на за выбарчай кампаніяй ​заявіла пра шматлікія парушэньні заканадаўства.

Праваабаронцы сьведчаць, што перадвыбарчая агітацыя ідзе ў няроўных умовах. У падтрымку кандыдата Аляксандра Лукашэнкі задзейнічаныя адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурсы вертыкалі ўлады, праўладных арганізацый і СМІ.

У рэгіёнах арганізуюцца сустрэчы давераных асобаў дзейнага кіраўніка і прадстаўнікоў улады розных узроўняў з працоўнымі калектывамі. Інфармацыя пра іх не даецца ў выбарчыя камісіі і ў адкрыты доступ, на некаторыя сустрэчы не пускаюць журналістаў, забараняюць фатаграфаваць.

Мітынгі асноўнага суперніка — Сьвятланы Ціханоўскай —— адбываюцца пад пільнай увагай праваахоўных органаў, а ў рэгіёнах чыняцца перашкоды з боку ўладных структураў. Сьятлана Ціханоўская і прадстаўніцы аб’яднанага штабу Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава зьбіраюць шматтысячныя сустрэчы і ў розных гарадах. Паводле аналітыкаў кампаніі, перадвыбарчая агітацыя узняла ў грамадзтве хвалю энтузіязму і здолела кансалідаваць пэўнае электаральнае поле.

Агітацыйны пэрыяд адзначыўся зьяўленнем шэрагу грамадзкіх ініцыятыў, накіраваных на забесьпячэньне незалежнага назіраньня за выбарамі і фіксацыю парушэньняў, у тым ліку, прымусаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, адзначаюць праваабаронцы.

Цэнтральная выбарчая камісія абмежавала працэс назіраньня на ўчастках для галасаваньня, чым стварыла умовы для маніпуляцый, зрабіла выбарчы працэс яшчэ больш закрытым. Такі падыход парушае адзін з асноўных прынцыпаў дэмакратычных выбараў — галоснасьць іх правядзеньня.

Працягваецца ціск на грамадзянаў, якія публічна выказваюць сваю пазыцыю. Адной з галоўных крыніц інфармацыі пра бягучыя падзеі па-ранейшаму застаюцца Telegram-каналы.

2 жніўня, за тыдзень да дня галасаваньня, перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты не апублікаваныя ў папяровых СМІ, вызначаных пастановай Цэнтарвыбаркаму.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG