Місія СНД возьме ўдзел у назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Беларусі, цяпер ідзе працэс яе фармаваньня, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» дарадца прэс-службы выканкаму Садружнасьці Марыя Гуцала ў панядзелак.
«Выканаўчы камітэт СНД атрымаў запрашэньне Міністэрства замежных спраў Беларусі ўзяць удзел у назіраньні за выбарамі прэзыдэнта рэспублікі, цяпер ідзе працэс фармаваньня місіі», — сказала Гуцала.
«Мы накіравалі лісты ва ўсе дзяржавы — удзельніцы СНД (за выключэньнем Украіны, якая ў 2015 годзе выйшла з дамовы аб місіі назіральнікаў СНД) з просьбай прапанаваць свае кандыдатуры ў склад місіі», — дадала яна.
Як паведаміла Гуцала, у аўторак на пасяджэньні Савету пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін СНД пры статутных і іншых органах Садружнасьці плянуецца ўхваліць кандыдатуру кіраўніка місіі. Выканкам прапануе ў якасьці кіраўніка місіі кандыдатуру Сяргея Лебедзева? старшыні выканкаму СНД.
Гуцала таксама паведаміла, што ўжо на гэтым тыдні чакаецца першая сустрэча кіраўніцтва місіі з кіраўніцай ЦВК Беларусі Лідзіяй Ярмошынай.
«Далей па меры прыходу лістоў ад дзяржаў СНД будзе весьціся акрэдытацыя назіральнікаў», — дадала яна.
Парлямэнцкая асамблея АБСЭ 7 ліпеня паведаміла, што ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма плянаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19». 15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ заявіла, што ня будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня не дазваляе правесьці паўнавартаснае назіраньне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу. БДІПЧ ня будзе публікаваць ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, хоць «працягвае ўважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі».
Калі БДІПЧ АБСЭ называла недэмакратычнымі ўсе выбары ў Беларусі пасьля 1994 году, назіральнікі ад СНД заўжды прызнаюць беларускія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі. Назіральнікі БДІПЧ заяўлялі, што місія СНД ня мае выразных мэтодыкаў назіраньня, а «іх высновы — гэта збольшага толькі меркаваньні гэтых палітычных дзеячоў, парлямэнтароў і дыпляматаў, якія маюць свае інтарэсы».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.