Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада правоў чалавека ААН падоўжыла на год мандат спэцдакладчыка аб Беларусі, Менск яго не прызнае


Анаіс Марэн, архіўнае фота
Анаіс Марэн, архіўнае фота

Рада правоў чалавека (РПЧ) ААН падоўжыла яшчэ на год мандат спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі. Рэзалюцыя пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прынятая 17 ліпеня, паведамляе сайт кіраўніцтва вярхоўнага камісара ААН.

Дакумэнт заклікае беларускія ўлады гарантаваць правядзеньне свабодных, сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама прыняць меры для садзейнічаньня мірнаму працэсу ў адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі дзяржавы.

РПЧ ААН заклікала ўлады Беларусі да супрацоўніцтва з спэцыяльнай дакладчыцай Анаіс Марэн, у прыватнасьці дазволіць ёй наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасьці.

Беларусь таксама павінна выканаць рэкамэндацыі спэцдакладчыка і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі адмысловымі працэдурамі ААН, гаворыцца ў рэзалюцыі.

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 22 сябры РПЧ ААН, супраць — 5, 20 — устрымаліся.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», 10 лiпеня Анаіс Марэн заклікала міжнародную супольнасьць падоўжыць мандат спэцдакладчыка аб Беларусі і працягваць ажыцьцяўляць кантроль за сытуацыяй з правамі чалавека ў краіне напярэдадні выбараў прэзыдэнта, якія адбудуцца 9 жніўня. Гэты заклік падтрымалі вядучыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Міжнародная амністыя».

Мандат спэцыяльнага дакладчыка ў пытаньні аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны РПЧ ААН у сувязі з хваляй масавых арыштаў апазыцыйных палітыкаў і рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Спэцдакладчык прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 году.

Анаіс Марэн выбралі на пасаду спэцдакладчыка у 2018 годзе.
Афіцыйны Менск не прызнае мандату спэцдакладчыка і заклікае РПЧ ААН скасаваць яго, кажучы, што ён носіць характар «несправядлівы і палітызаваны».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG