Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску бацьку затрымалі на вачах у малалетніх дзяцей. ВІДЭА 


У рэдакцыю Свабоды зьвярнулася жыхарка Салігорску Вольга Канановіч. Увечары падчас разгону спэцназаўцамі гараджанаў, якія гулялі ў цэнтры гораду, на вачах дзяцей затрымалі яе мужа.

«Мы з мужам Аляксандрам і дваімі дзецьмі 2 і 7 гадоў выйшлі на шпацыр, — расказала Свабодзе жанчына. — Дзесьці а 19:30 праходзілі па цэнтральнай плошчы. Да нас падышоў мужчына ў цывільным і, не назваўшыся, запатрабаваў „разыходзіцца“ без тлумачэньня прычыны. Праз пару хвілін супрацоўнікі АМАПу падышлі да майго мужа, які трымаў сына за руку, і сказалі, што ён затрыманы. Адштурхнулі малога і павялі ў мікрааўтобус. Дык куды можна выйсьці ў Салігорску, каб ня затрымалі?»

Ноч Аляксандар Канановіч правёў у аддзяленьні міліцыі. 15 ліпеня а 15-й гадзіне прызначаны суд. Як удалося высьветліць жонцы, яго будуць судзіць за «непадпарадкаваньне міліцыі».

«Поўная хлусьня, — заяўляе Вольга Канановіч. — У мяне ёсьць відэа, як мужа вядуць у аўтобус — ніякага супраціву ён не чыніў. Мы гулялі, як звычайныя мірныя грамадзяне, зь дзецьмі. Гэта ўжо забаронена? Лёзунгаў не выкрыквалі, міліцыю не абражалі. Як такое магчыма? Яшчэ дзіўна, што не дадумаліся забраць у малых дзяцей маці...»

Вольга Канановіч напісала скаргу на начальніка РАУС Салігорску, які санкцыянаваў затрыманьні гараджанаў, уключна зь яе мужам. А перад пачаткам паседжаньня занесла ў суд заяву з патрабаваньнем прыкласьці да справы відэа затрыманьня.

Цяпер жанчына рыхтуе зварот у пракуратуру, каб там знайшлі спосаб «абараніць яе дзяцей ад міліцэйскага гвалту».

«Малыя былі страшна напалоханыя, калі экіпіраваныя амапаўцы пачалі хапаць і круціць іхнага бацьку, — кажа Вольга Канановіч. — Старэйшы яшчэ доўга прасіў паслухаць, як калоціцца сэрца. Ніколі б не падумала, што буду прасіць абараніць сваю сям’ю ад міліцыі, задача якой зусім іншая — абараняць людзей, а не наганяць страх».

Месяц таму Аляксандра Канановіча ўжо затрымлівалі ў Менску, калі ён паехаў туды ў справах. Выпадкова апынуўся ў эпіцэнтры падзеяў, калі сілавікі разганялі 19 чэрвеня «ланцуг» салідарнасьці з затрыманым экс-банкірам Віктарам Бабарыкам.

Тады за «непадпарадкаваньне міліцыі» яму прысудзілі штраф у памеры 7 базавых велічынь (189 рублёў).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG