Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова беларускіх «айцішнікаў» не баяцца страты заробкаў ці працы ў сувязі з крызісам, 15,3% зьбіраюцца эміграваць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Партал Dev.by апублікаваў вынікі травеньскага апытаньня 608 IT-спэцыялістаў розных прафэсіяў, узроўню і стажу аб сытуацыі з эканамічным крызісам, выкліканым пандэміяй каранавірусу.

У параўнаньні з падобным апытаньнем у красавіку адказы ў траўні сталі больш аптымістычныя, скарацілася доля кампаніяў з праблемамі. Напрыклад, калі ў красавіку 28,9% казалі, што іхная кампанія кепска спраўляецца з крызісам, то ў траўні — толькі 17,6%. Ды 0,6% у красавіку і 0,9% у траўні казалі, што іхная кампанія закрываецца або неўзабаве закрыецца.

Найлепей сябе адчуваюць «айцішнікі» ў кампаніях, якія працуюць на ўласны прадукт (там кажуць, што ўсё выдатна, 29,6%; што добра — 44,7%; што нармальна, хай і з праблемамі, — 14,5%; што кепска — 9,5%; што хутка закрыюцца — 1,7%). Калі ж кампанія працуе на прадукты іншых (аўтсорсінг) або камбінуе такую працу з уласнымі праектамі, адказы больш пэсымістычныя (у аўсорсінгу «выдатна» — 8,8%, «добра» — 21,1%, «нармальна» — 45,1%, «кепска» — 24,6%, «закрываемся» — 0,4%).

Амаль дзьве траціны, 65%, кажуць, што кіраўніцтва кампаніі дапамагае справіцца з крызісам, папярэджвае, тлумачыць сытуацыю. Толькі 5,8% кажуць, што абстаноўка «нэрвовая і нездаровая».

У 46,7% у траўні нічога не выключалі з «сацпакету», яшчэ 10,9% ня ведалі, ці нешта выключалі, у 10,4% і не было «сацпакету». У 23,7% не далі кампэнсацыі заняткаў спортам, у 17,4% — кампэнсацыі трэнінгаў і курсаў, у 8,4% перасталі даваць падарункі па сьвятах, у 4,4% — не далі кампэнсацыі мэдычных паслуг. А 4,4% нават атрымалі дадатковыя прэфэрэнцыі.

42,8% апытаных упэўнены, што не застануцца бяз працы, а 43,6% баяцца страціць частку заробку, але не хвалююцца, што могуць страціць працу. 13,6% хвалююцца, што страцяць працу або ня змогуць яе знайсьці. Найбольш баяцца страціць працу распрацоўнікі (50,6%), найменш — бізнэс-аналітыкі (7,4%). Больш аптымістычныя адказы зноў жа ў «прадуктавых» кампаніях.

Толькі 32,9% кажуць, што дакладна ня зьедуць у іншую краіну. 38,5% кажуць, што не плянуюць зьяжджаць, але, калі будзе такая магчымасьць, зьедуць. Яшчэ 13,3% пасьля пачатку крызісу сталі абдумваць пераезд. 15,3% ужо рыхтуюцца зьяжджаць за мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG