Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за чэрвень вырасьлі на мільярд даляраў. За кошт новай пазыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня склалі ў эквіваленце 8,8957 мільярда даляраў, паведаміў Нацыянальны банк. Гэта на 916,4 млн даляраў, або на 11,6%, больш, чым месяц таму, хоць за чэрвень Беларусь пазычыла 1,25 млрд даляраў.

За травень золатавалютныя рэзэрвы практычна не зьмяніліся — зьнізіліся на 0,05%. З пачатку году рэзэрвы скараціліся на $597,8 млн або 6,4%.

«Асноўным фактарам росту ўзроўню золатавалютных рэзэрваў у чэрвені стала паступленьне сродкаў ад разьмяшчэння Міністэрствам фінансаў эўрааблігацыяў, — тлумачыць Нацбанк. — Таксама павелічэньню рэзэрваў спрыяў рост цаны манэтарнага золата. У чэрвені 2020 году ўрад і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выканалі вонкавых і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце на суму каля $287 млн».

У чэрвені Беларусь разьмясьціла два выпускі эўрабондаў на агульную суму $1,25 млрд, таксама ў лютым разьмяшчала эўрабонды на $600 млн, у красавіку разьмясьціла ў Расеі аблігацыі на 133,8 млн даляраў.

Іншых тлумачэньняў прычынаў росту рэзэрваў Нацбанк не дае — толькі адзначае, што ў плянах ураду было, каб на 1 студзеня 2021 году золатавалютныя рэзэрвы складалі ня менш за $7,3 млрд. Гэта на паўтара мільярда менш, чым ёсьць цяпер.

У сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназавала, што ўзровень рэзэрваў да канца года апусьціцца ніжэй за тую адзнаку, якую чакаюць улады.

Згодна з прагнозам Fitch, беларускія рэзэрвы да канца года складуць $7,1 млрд. На думку аналітыкаў агенцтва, зьніжэньне рэзэрваў будзе абумоўленае пагашэньнем Беларусьсю дзяржаўнага доўгу і больш нізкім аб'ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнаньні з папярэднімі гадамі.

Ці ў чэрвені ў Беларусі спыніўся эканамічны крызіс, з афіцыйнай статыстыкі пакуль невядома: апошнія зьвесткі на момант публікацыі ёсьць за травень.

Вядома, напрыклад, што за студзень–травень 2020 году валавы ўнутраны прадукт склаў толькі 98,2% ад таго, што было за студзень–травень 2019 году. Падзеньне назіралася ў прамысловасьці, гандлі і транспарце, але быў рост у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і сувязі. Сусьветны банк прагназаваў Беларусі вялізны спад эканомікі. Ды Міністэрства эканомікі чакае аднаўленьня вытворчай актыўнасьці ў трэцім квартале бягучага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG