На раніцу 9 ліпеня ў сьвеце зафіксавалі звыш 12,17 мільёна выпадкаў COVID-19. Памерлі болей за 552 тысячы хворых з каранавіруснай інфэкцыяй. З канца траўня колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень толькі павялічваецца.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Калі ў красавіку штодзень у сьвеце выяўлялі 70–90 тысяч новых выпадкаў COVID-19, то ў траўні — 75–127 тысяч, у чэрвені — 110–195 тысяч, у ліпені ж ужо да 213 тысяч на дзень (3 і 8 ліпеня).
Колькасьць штодзённых сьмерцяў пры тым пакуль трымаецца ў межах 3,1–6,5 тысячы на дзень зь сярэдзіны траўня і яшчэ не расьце. Ды хворыя не паміраюць у першыя ж дні пасьля інфэкцыі, могуць змагацца з хваробай месяцамі. Проста цяпер у сьвеце вядома пра больш як 58 тысяч хворых у цяжкім ці крытычным стане.
З 12 мільёнаў выпадкаў каранавірусу крыху больш за 7 млн скончыліся ачуньваньнем. Але колькасьць «актыўных выпадкаў» (хворых проста цяпер) расьце няспынна і амаль лінейна з канца сакавіка. У пачатку красавіка было вядома пра 696 тысяч «актыўных выпадкаў», у пачатку траўня — пра 2 млн, у пачатку чэрвеня — 3 млн, у пачатку ліпеня — 4,3 млн.
Найбольш інфікаваных выявілі ў ЗША (3,16 млн), Бразыліі (1,7 млн), Індыі (769 тысяч) і Расеі (700 тысяч). Звыш сотні тысяч інфікаваных зафіксавалі яшчэ ў 17 краінах Эўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі.
Даказана эфэктыўных лекаў ад COVID-19, як і вакцыны ад вірусу SARS-CoV-2, няма. Ёсьць толькі экспэрымэнтальныя прэпараты (зь іх паступова адсейваюць няўдалыя), у распрацоўцы паўтары сотні патэнцыйных вакцынаў.
Афіцыйнай беларускай статыстыцы распаўсюду каранавірусу выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі. Аляксандар Лукашэнка ўжо «віншаваў» з тым, што «мы з гэтай бядой справіліся». Графікі выглядаюць так, нібы каранавірус цалкам пакіне Беларусь якраз пад прэзыдэнцкія выбары.
Але нават афіцыйная статыстыка ставіць Беларусь на 28-е месца ў сьвеце і 8-е ў Эўропе ў колькасьці выяўленых выпадкаў COVID-19. У выпадках на душу насельніцтва больш за Беларусь у Эўропе маюць толькі Швэцыя, Люксэмбург і тры мікрадзяржавы: Андора, Ватыкан і Сан-Марына.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.