Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў агучыў, колькі ўдалося зарабіць на продажы правоў за тэлетрансьляцыю матчаў нацыянальнага чэмпіянату.
«Гэта не такія ўжо вялікія грошы, — прызнаўся функцыянэр у праграме „Стоп-кадар“ на тэлеканале „Беларусь-5“. — Мы мелі падпісаныя кантракты з пэўнымі масмэдыя тых краінаў, якія захацелі, каб мы трансьлявалі. Недзе па 800-1000 даляраў зараблялі за матч. Усяго атрымалася прыкладна 280 тысяч эўра».
Кіраўнік фэдэрацыі расказаў, што заробленыя сродкі плянуецца пусьціць на разьвіццё футбольнай інфраструктуры ў краіне.
«Крыўдна за нас, што на гэты момант усяго 75 палёў памерам 20 на 40 мэтраў. Для параўнаньня, у маленькай Малдове 500 такіх палёў, ня кажучы пра вялікую Ўкраіну, там іх больш за 1000. Трэба даганяць, каб чагосьці дабівацца», — адзначыў ён.
У разгар пандэміі каранавірусу Беларусь заставалася адзінай краінай у Эўропе, а пасля і ў сьвеце, дзе не спыняўся футбольны чэмпіянат. Больш за 10 краін выказалі жаданьне паказваць беларускае першынства, аднак пасьля аднаўленьня топавых чэмпіянатаў кантракты скасавалі.