Вялікая Брытанія ўважліва сочыць за разьвіцьцём падзей у Беларусі, асабліва ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, заявіла намесьніца кіраўніка дэлегацыі краіны ў АБСЭ Нікола Мюрэй 2 ліпеня на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ. Тэкст заявы апублікаваны на сайце ўраду Вялікай Брытаніі.
Пра што казала Мюрэй у заяве:
- Вялікая Брытанія яшчэ 21 траўня выказвала занепакоенасьць з нагоды арыштаў і затрыманьняў у Беларусі больш за 100 чалавек, у тым ліку журналістаў, блогераў, праваабаронцаў.
- На сёньня ўжо больш за 400 чалавек у Беларусі затрыманыя ці арыштаваныя, шмат каму пагражае адміністрацыйнае пакараньне, а некаторым — крымінальны перасьлед.
- Сярод затрыманых — журналісты і работнікі СМІ, якія асьвятлялі падзеі, а таксама блогеры. Мюрэй паўтарыла ранейшы заклік прадстаўніка ў пытаньнях свабоды СМІ «забясьпечыць журналістам магчымасьць выконваць сваю працу», бо яны «граюць вырашальную ролю ў асьвятленьні падзей, якія ўяўляюць грамадзкі інтарэс».
- Нагадала, што пры стварэньні АБСЭ краіны-ўдзельніцы заявілі, што будуць паважаць права сваіх грамадзян прымаць удзел у кіраваньні краінай альбо наўпрост, альбо праз прадстаўнікоў, якіх яны свабодна выбіраюць шляхам сумленных выбараў.
- Выказала занепакоенасьць Вялікай Брытаніі затрыманьнем патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, а таксама расьсьледаваньнем МУС у дачыненьні да іншага прэтэндэнта Валерыя Цапкалы.
- Заклікала беларускія ўлады вызваліць Бабарыкаў, а таксама затрыманых прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці; «паважаць вяршэнства закона, уключаючы права на справядлівае судовае разьбіральніцтва».
- Заклікала ўлады Беларусі «зрабіць захады, каб прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ і іншых арганізацый змаглі назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі»; зрабіць захады, неабходныя для правядзеньня бясьпечных, мірных, свабодных і справядлівых выбараў, у тым ліку з удзелам незалежных назіральнікаў.