Вэб-сайт незалежнага выданьня «Наша ніва» перастаў адкрывацца ў большасьці карыстальнікаў у ноч на 24 чэрвеня. Рэдакцыя высьвятляе прычыны.
Некаторыя карыстальнікі кажуць, што сайт адкрываецца толькі праз апэратара МТС у Беларусі. За межамі Беларусі сайт таксама недасяжны.
«Разьбіраемся, што здарылася», — адказаў Свабодзе галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч.
Абноўлена. Выданьне паведаміла ў Instagram, што «часова страціла» дамэн Nn.by, але спрабуе разабрацца ў прычынах. Падрабязьней абяцаюць паведаміць, калі «будзе поўнае разуменьне сытуацыі».
Тым часам на старонцы дамэнных зонаў .by і .бел паведамляецца, што дамэн Nn.by «недасяжны для рэгістрацыі» і «будзе рэалізаваны праз дабрачынны аўкцыён».