Новы міністар інфармацыі паабяцаў «бараніць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве». Свабода праглдзела біяграфію Ігара Луцкага.
Скончыў унівэрсытэт, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам
Ігар Луцкі — адносна малады чыноўнік, яму 48 гадоў. Ураджэнец Століншчыны, скончыў БДУ ў 1994 годзе, калі Лукашэнка абраўся прэзыдэнтам на першы тэрмін. У 2000 годзе Ігар Луцкі скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.
Адразу пасьля ўнівэрсытэту ён стаў дзяржаўным службоўцам, працаваў у Міністэрстве па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі начальнікам аддзелу праектаваньня і базаў дадзеных.
Быў кіраўніком у БелТА і СТВ
З 2000 па 2004 год Ігар Луцкі пасьпявае папрацаваць у канцылярыі прэзыдэнта і ў апараце рады фэдэрацыі прафсаюзаў. А далей пачынаецца ягоная мэдыйная кар’ера. З 2004 году ён ужо намесьнік кіраўніка БелТА, пасьля — дырэктар «Новага радыё», якое рабіла Фэдэрацыя прафсаюзаў, затым першы намесьнік гендырэктара БелТА, намесьнік міністра інфармацыі і гэндырэктар тэлеканалу СТВ. На апошняй пасадзе ён працаваў да прызначэньня міністрам.
Пры ім СТВ атрымаў «срэбную кнопку» на youtube
Калі Ігар Луцкі ўзначаліў СТВ, на youtube у канала было 30 тысяч падпісчыкаў. Гэта было ў 2018 годзе. У 2019 годзе, дасягнуўшы лічбы 100 тысяч падпісчыкаў, тэлеканал атрымаў «срэбную кнопку». Цяпер на канал падпісаныя 380 тысяч.
Частка кантэнту на СТВ — гэта прадукцыя расейскіх RenTV і СТС. Ігар Луцкі дбаў, каб уласнага кантэнту на тэлеканале было больш.
«Доля беларускіх праграм павінна павялічыцца. Але важна мець новыя твары і новы зьмест і напаўненьне», — казаў Ігар Луцкі ў 2018 годзе, калі яго прызначалі на СТВ.
Глядзім праграму тэлеканалу на 8 чэрвеня. З 26 перадач у тэлепраграме СТВ 14 — гэта беларускія праграмы, рэшта — расейская прадукцыя.
«Навучыўся працаваць у інтэрнэце»
Падчас прызначэньня Ігара Луцкага Лукашэнка выказаўся пра новага кіраўніка міністэрства і пахваліў яго за «працу ў інтэрнэце».
«Ведаю, што за гэты час (і прэс-сакратар мяне інфармавала) СТВ стала іншым, малайчына. Ты навучыўся працаваць у інтэрнэце. Думаю, што нам прыйдзецца з тваёй падачы перш за ўсё перафарматаваць працу Міністэрства інфармацыі. Мы ня бачым гэтага міністэрства, мы яго ня бачым. Хацелася б, каб мы яго ўбачылі. Я думаю, ён справіцца. Малады, сымпатычны чалавек. Вельмі прэзэнтабэльны. Людзі ўспрымуць яго добра», — сказаў Лукашэнка.
Анансаваў «закручваньне гаек»
Малады міністар адразу ж пасьля прызначэньня расказаў пра свае пляны. Аказалася, ён зьбіраецца ня столькі распаўсюджваць інфармацыю, колькі абмяжоўваць.
«Стратэгія Міністэрства інфармацыі, на мой погляд, будзе заключацца ў тым, каб карэктаваць дзеяньні сродкаў масавай інфармацыі, для таго каб забясьпечыць, па-першае, давядзеньне выразнай дзяржаўнай палітыкі і абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве», — сказаў Луцкі ў інтэрвію тэлеканалу СТВ у нядзелю, 7 чэрвеня.
«Мы бачым, што ўжо цяпер, у пэрыяд важнай палітычнай кампаніі, адбываецца ў сетцы Інтэрнэт, у сацыяльных сетках, на старонках сайтаў, на відэагостынгу. Можа камусьці здацца, што гэта нешта бяскрыўднае, але гэта вельмі сур’ёзна ўплывае на тое, што адбываецца ў краіне і тое, як будзе разьвівацца краіна», — заўважыў ён.