Незалежная штотыднёвая газэта і інтэрнэт-выданьне «Новы час» зьвярнулася да чытачоў па фінансавую дапамогу: сабекошт выданьня газэты перавышае цану, за якую газэту прадаюць.
Праз пандэмію і пагаршэньне эканамічнага становішча продажы газэты зьменшыліся, рэклямныя даходы ўпалі, а цэны на паслугі дзяржаўных і прыватных структураў вырасьлі, піша «Новы час». Праз гэта ўтварылася запазычанасьць за паслугі друкарні.
Газэта просіць неабыякавых людзей ахвяраваць ёй грошы, каб сплаціць запазычанасьць, якой набралася ўжо 4000 рублёў. Грошы можна пераводзіць з пазнакай «добраахвотнае ахвяраваньне» на рахунак:
BY48BLBB30120190790926001001, БІК BLBBBY2X у Дырэкцыі ТАА «Белінвэстбанк» па Менску і Менскай вобл., г.Менск вул. Калектарная, 11; УНП 190790926
Газэта «Новы час» заснаваная Таварыствам беларускай мовы ў 2002 годзе. Адно зь нешматлікіх агульнарэспубліканскіх «папяровых» выданьняў на беларускай мове. У 2009 годзе атрымала прэмію Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы». Папяровая газэта выходзіць па пятніцах, цяперашні наклад — 2000 асобнікаў.
Паўтара года таму газэта ўжо зьвярталася па дапамогу да чытачоў, каб сплаціць выдаткі за суд з сузаснавальнікам рэстарацыі «Поедем поедим», што побач з мэмарыяльным комплексам Курапаты.