Аляксандар Лукашэнка 20 чэрвеня анансаваў указ аб падвышэньні пэнсіяў. На наступны дзень указ апублікавалі, але з фармулёўкі не была зразумелая сума падвышэньня пэнсіяў.
Ва ўказе, апублікаваным 21 чэрвеня, пэнсіі даручана падвысіць «шляхам карэктаваньня фактычнага заробку пэнсіянэраў, зыходзячы зь сярэдняй заробнай платы работнікаў у рэспубліцы, ужыванай пры папярэднім пераразьліку пэнсіяў, з павышэньнем яе велічыні на 6%».
Што гэта значыць, пазьней растлумачыла Міністэрства працы.
У сярэднім падвысяць пэнсіі на 9,72 даляра
Сярэдні памер пэнсіяў па ўзросьце за ліпень складзе 470,6 рубля, сьцьвярджае міністэрства. Гэта больш за сярэднія пэнсіі па ўзросьце ў чэрвені на 5,2% або 23,1 рубля; больш за ліпень 2019 году на 12,5% або на 52,2 рубля.
Цяперашняе падвышэньне ў параўнаньні зь мінулым месяцам, калі пералічваць з курсам на момант публікацыі, складае 9,72 даляра.
«Хоць 10-20 даляраў, але трэба дадаць», — казаў Лукашэнка
«Пэнсія, вядома, невялікая. Што маем, тое маем, — казаў Лукашэнка 20 чэрвеня. — Але я ўчора ўрад папрасіў. У нас дзесьці ў чацьвёртым квартале плянавалі павысіць пэнсіі. Тым не менш я папрасіў, каб перанесьлі павышэньне сюды. У нас крыху ёсьць грошай. Мы павінны вэтэранам, пэнсіянэрам дапамагчы. Наколькі гэта магчыма. Гэта не папулізм, ня дзеля нейкіх выбараў, я ніколі гэтага не рабіў... Але калі вэтэраны, пэнсіянэры ўздымаюць пытаньне, хоць 10-20 даляраў, але трэба дадаць зараз, каб вам было лягчэй».
Такім чынам, сярэдні памер падвышэньня пэнсіяў аказаўся ніжэйшым за дыяпазон, названы Лукашэнкам.
У Расеі сярэдні памер пэнсіяў у чэрвені складаў каля 470 рублёў у пераліку на беларускія. Літоўскія пэнсіянэры атрымлівалі ў сярэднім 810 рублёў, польскія — 1300 рублёў.