17 чэрвеня стала вядома, што рахунак выбарчага фонду Віктара Бабарыкі заблякаваны. Свабода разабралася, хто мог прыняць такое рашэньне і што з гэтым можна зрабіць.
Больш за 100 тысяч рублёў на рахунку выбарчага фонду Віктара Бабарыкі заблякаваныя. Гэта адзіныя сродкі, якія кандыдат пасьля рэгістрацыі можа траціць на агітацыю, рэкляму ды іншыя рэчы.
Сам Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард з раніцы 18 чэрвеня перасталі выходзіць на сувязь. Па неафіцыйнай інфармацыі, яны на допыце ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю, які раней завёў крымінальную справу на былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Віктар Бабарыка кіраваў гэтым банкам 20 гадоў.
ЦВК: мы ня можам заблякаваць рахунак выбарчага фонду
Прадстаўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Алена Дзьмухайла патлумачыла Свабодзе, што яны рахунак заблякаваць ня могуць.
«Мы адносін да блякаваньня ня маем, Выбарчы кодэкс гэтага не рэгулюе. Выбарчы кодэкс рэгулюе парадак адкрыцьця рахункаў і іх выкарыстаньне. Гэта абставіны, якія не зьвязаныя з выбарамі», — патлумачыла Алена Дзьмухайла.
Заблякаваць рахунак маглі ў межах крымінальнай справы, якую завялі адносна былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Справай займаецца ДФР, дазваніцца туды Свабодзе не ўдалося.
«Гэта першы раз у гісторыі»
Паводле юрыста і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, раней рахункі выбарчага фонду кандыдата не блякавалі ніколі.
«Гэта сур’ёзна абмяжоўвае магчымасьці кандыдата. Улады, хутчэй за ўсё, будуць вымушаныя зарэгістраваць Бабарыку, але хочуць максымальна яго абмежаваць у агітацыі. Усе выдаткі, звыш таго, што дазволена законам, павінны брацца з фонду. Іншыя сродкі выкарыстоўваць нельга», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Згодна з законам, бясплатна, бяз грошай з фонду кандыдат можа:
Выступіць па тэлевізіі
Удзельнічаць у дэбатах, калі пагодзяцца іншыя ўдзельнікі
Надрукаваць праграму ў адной з нацыянальных газэт
Нават улёткі кандыдат мусіць друкаваць, выкарыстоўваючы толькі грошы са свайго фонду. Улёткі з агульнай інфармацыяй пра кандыдатаў (фатаздымкі, імя і прозьвішча, даход) дзяржава друкуе за свае грошы.
«Адзінае, што застаецца, — гэта сацсеткі, дзе сябе можна прасоўваць. На гэта, напрыклад, рабіў упор Уладзімір Зяленскі ва Ўкраіне», — прыгадвае Валянцін Стэфановіч.
Але калі замаўляць у сетках рэкляму (а яна значна павялічвае аўдыторыю), то на гэта патрэбныя грошы, а іх можна траціць толькі з выбарчага фонду.
Выбарчы фонд Віктара Бабарыкі — самы вялікі ў параўнаньні з фондамі іншых прэтэндэнтаў (толькі пра фонд Аляксандра Лукашэнкі нічога не вядома). Па стане на 10 чэрвеня ў яго паступіла 155 тысяч рублёў, 42 тысячы зь іх ужо патрацілі.
На поўдзень 18 чэрвеня штаб Віктара Бабарыкі паведаміў, што сам прэтэндэнт і ягоны сын у ДФР, іх дапытваюць без адваката.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.