Ва ўсім сьвеце 79,5 мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць месца пражывання з прычыны войнаў, канфліктаў або страху перасьледу, паведаміла Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле Вярхоўнага камісара ААН ў справах бежанцаў Філіпа Грандзі, штогадовы рост колькасьці ўцекачоў зьвязаны з тым, што ўсё радзей ўдаецца ўрэгуляваць канфлікты ў сьвеце, а цяпер сытуацыю пагоршыла пандэмія каранавірусу SARS-CoV-2.
«У мяне няма сумненьняў у тым, што рост беднасьці, адсутнасьць рашэньняў і працяг канфліктаў прывядуць да яшчэ большага руху насельніцтва як унутры рэгіёнаў, так і за іх межы, у прыватнасьці, у Эўропу», — адзначыў ён.
Дзесяць гадоў таму колькасьць людзей, якія перамяшчаліся па сьвеце, складала каля 40 мільёнаў, сказаў Грандзі і дадаў: «Агульная колькасьць вырасла ўдвая. І мы ня бачым, каб гэтая тэндэнцыя зьмяншалася «.
Паводле дакладу, летась каля 11 мільёнаў чалавек былі перамешчаныя, многія зь якіх знаходзяцца ў пацярпелых ад канфлікту краінах і рэгіёнах. 68% бежанцаў сьвету паходзяць з пяці краін: Сырыі, Вэнэсуэлы, Аўганістану, Паўднёвага Судану і М’янмы.
Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў публікуе апошнія дадзеныя пра лік бежанцаў у сьвеце штогод, напярэдадні Сусьветнага дня ўцекачоў, які адзначаецца 20 чэрвеня.