Недзяржаўная газэта «Борисовские новости» апошні раз выйшла на паперы 17 ліпеня — цяпер працягне працаваць толькі праз сайт Borisovnews.by, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Раней асноўная газэта выходзіла раз на тыдзень на 48 старонках, наклад дасягаў «у найлепшыя часы» 15 тысячаў асобнікаў». Друкаваць будуць толькі рэклямны дадатак «Рекламный БорЖоМи».
Галоўны рэдактар газэты Анатоль Букас патлумачыў спыненьне выданьня папяровай газэты перадусім эканамічнымі прычынамі — барысаўская газэта выдавалася ў «неспрыяльных і дыскрымінацыйных умовах» з 2005 году, калі незалежныя выданьні прымусова выкінулі зь дзяржаўнай сеткі распаўсюду. І да таго, практычна ад пачатку выданьня, газэта працавала пад пагрозай закрыцьця.
Толькі нядаўна — у 2017 годзе — недзяржаўныя выданьні, у тым ліку барысаўскае, вярнуліся ў шапікі «Белсаюздрук». Гэта адбылося пасьля таго, як галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч папрасіў аб гэтым на асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Трапіць у продаж у буйных гандлёвых цэнтрах у барысаўскага выданьня ня выйшла, нават ужо падпісаныя дамовы хутка скасоўвалі. Букас сьцьвярджае, што даведаўся: «дзейнасьці рэдакцыі замінае пазыцыя раённых уладаў».
Да таго ж, недзяржаўныя выданьні не атрымліваюць бюджэтнага фінансаваньня, а цэны на друк для іх вышэйшыя за тыя, што выстаўляюць дзяржаўным.
Букаса асабіста штрафавалі за тое, што ягоная газэта нібыта заклікала на несанкцыянаваную акцыю «Марш абураных беларусаў» у час «недармаедзкіх» пратэстаў. Пасьля разгону «Плошчы» ў Менску ў 2010 годзе да рэдактара барысаўскай газэты прыходзілі зь ператрусам, забіралі ўсю тэхніку.