Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SpaceX рыхтуецца ўпершыню адправіць астранаўтаў на МКС


Амэрыканскія астранаўты
Амэрыканскія астранаўты

Капсула Crew Dragon будзе запушчана з касмадрома ў Флорыдзе ў сераду ўдзень.

Кампанія SpaceX Ілона Маска рыхтуецца адправіць двух амэрыканскіх астранаўтаў на Міжнародную касьмічную станцыю з касмадрома Касьмічнага цэнтру імя Кенэдзі ў Флорыдзе пасьля дзевяцігадовай паўзы ў пілятаваных касьмічных палётах NASA.

Астранаўты Даг Хэрлі і Боб Бэнкен стартуюць у 16.33 у сераду на касьмічнай капсуле Crew Dragon з ракетай Falcon 9. Запуск будзе праведзены з таго ж касмадрома, зь якога стартавала апошняя місія праграмы шатлаў NASA ў 2011 годзе.

Прэзыдэнт Дональд Трамп і віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс будуць асабіста сачыць за запускам, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Белага дома.

Для Маска, SpaceX і NASA пасьпяховы палёт будзе важным этапам на шляху да вытворчасьці касьмічных караблёў шматразовага карыстаньня, якія зробяць касьмічныя палёты больш даступнымі. Маск — заснавальнік і кіраўнік SpaceX, а таксама выканаўчы дырэктар кампаніі Tesla.

«Мы з Бобам працавалі над гэтай праграмай пяць гадоў, дзень пры дні, — расказаў 53-гадовы Хэрлі, калі яны з 49-гадовым Бэнкенам прыбылі ў Касьмічны цэнтар з Х’юстану на мінулым тыдні. — У многіх адносінах гэта быў маратон, але гэтага і варта чакаць, каб распрацаваць пілятаваны касьмічны карабель, здольны даляцець да Міжнароднай касьмічнай станцыі і вярнуцца».

У надзеі стымуляваць рынак камэрцыйных касьмічных апаратаў NASA выдзеліла 3,1 мільярда даляраў SpaceX і 4,5 мільярда даляраў кампаніі Boeing на распрацоўку касьмічных капсул, паспрабаваўшы новы фармат кантракту, які дазваляе касьмічнаму агенцтву набываць месцы для астранаўтаў у абедзьвюх кампаній.

Капсула CST-100 Starliner ад Boeing, як чакаецца, будзе ўпершыню запушчана з астранаўтамі толькі ў 2021 годзе.

Адміністратар NASA Джым Брайдэнстайн даў місіі зялёнае сьвятло на мінулым тыдні, пасьля таго як экспэрты касьмічнага агенцтва і SpaceX правялі апошнія інжынэрныя праверкі.

SpaceX пасьпяхова пратэставала Crew Dragon без астранаўтаў у мінулым годзе, паслаўшы карабель у першую арбітальную місію. У наступным месяцы карабель быў зьнішчаны ў выніку збою пры наземным выпрабаваньні. Расьсьледаваньне гэтай аварыі працягвалася дзевяць месяцаў і завяршылася ў студзені.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG