Два прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Беларусі — Віктар Бабарыка і Валер Цапкала — падчас сваіх прэсавых канфэрэнцый зрабілі шэраг даволі спрэчных ці проста непраўдзівых выказваньняў. Праверылі тэзы, якія не адпавядаюць фактам.
Бабарыка: «Назавіце мне хоць адно палітычнае забойства ці зьнікненьне пасьля 2000 году ў любой краіне Эўропы. Я ня думаю, што прайшло 20 гадоў і Беларусь на гэтай мапе будзе першай»
А як насамрэч? На жаль, такіх выпадкаў можна назваць шмат. Вось сьпіс толькі некаторых:
- Аляксандар Літвіненка (Вялікая Брытанія), 2006
- Ганна Паліткоўская (Расея), 2006
- Барыс Нямцоў (Расея), 2015
- Алесь Бузіна (Украіна), 2015
- Павал Шарамет (Украіна), 2016
Незалежны суд у справе Літвіненкі прыйшоў да адназначнай высновы, што яго забойства мела палітычны характар. Суды ў Расеі ў справах Паліткоўскай і Нямцова, хоць і ня вызначылі замоўцаў, але таксама прыйшлі да высноваў пра палітычны характар забойстваў.
Ёсьць важкія падставы лічыць палітычна матываванымі і забойствы Бузіны і Шарамета.
Бабарыка: «Я лічу мітатворчасьцю масавыя рэпрэсіі».
А як насамрэч? Тут пытаньне ў вызначэньні. Калі да масавых рэпрэсій адносіць толькі рэпрэсіі такіх маштабаў, якія былі ў нацысцкай Нямеччыне, сталінскім СССР, мааісцкім Кітаі, то рэпрэсій, ахвярамі якіх рабіліся б сотні тысяч і нават мільёны людзей, у Беларусі сапраўды няма.
Але за гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі тыя ці іншыя формы перасьледу за палітычныя перакананьні — штрафы, адміністрацыйныя арышты, крымінальнае зьняволеньне, зьбіцьцё, звальненьне з працы — зазналі агулам некалькі тысяч чалавек. Маніторынг гэтага перасьледу вядуць праваабарончыя цэнтры Беларускі Хэльсынскі камітэт і «Вясна».
У дзень, калі Віктар Бабарыка даваў сваю прэсавую канфэрэнцыю, некалькі чалавек знаходзіліся пад адміністрацыйным арыштам за тое, што скарысталіся правам на свабоду выказваньня.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году да адміністрацыйных арыштаў былі асуджаныя некалькі сотняў чалавек. Два былыя кандыдаты ў прэзыдэнты — Мікола Статкевіч і Андрэй Саньнікаў — адбылі некалькі гадоў турэмнага зьняволеньня.
Бабарыка: «Я ня веру ў магчымасьць масавых фальсыфікацый»
А як насамрэч? Пра фальсыфікацыю выбараў у Беларусі падчас кожных выбараў заяўляюць назіральнікі, палітыкі і праваабаронцы. Назіральнікі АБСЭ, якія працавалі на выбарах у Беларусі пасьля 1994 году, заяўлялі, што тыя «прайшлі з парушэньнямі» і «не адпавядалі міжнародным стандартам».
На выбарах 2010 году ў Беларусі працавалі 490 назіральнікаў АБСЭ. Падлік галасоў яны прызналі «непразрыстым», а выбары «неадпаведнымі міжнародным стандартам».
На апошніх парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе палітыкі, назіральнікі і праваабаронцы заяўлялі пра «грубыя парушэньні». Праваабарончы цэнтар «Вясна» пералічваў такія парушэньні, як:
- Прымус да датэрміновага галасаваньня
- Фармаваньне выбарчых камісій без удзелу апазыцыі і незалежных назіральнікаў
- Нядопуск незалежных назіральнікаў да падліку галасоў
- Завышэньне яўкі
- Укіданьне бюлетэняў для галасаваньня
Цапкала: «Гадоў 25 таму Рэспубліка Беларусь мела, напэўна, самы сур’ёзны патэнцыял сярод усіх краін былога Савецкага Саюзу, нават сярод краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы»
А як насамрэч? 25 гадоў таму, празь некалькі гадоў пасьля краху камунізму, падчас імклівай перабудовы ўсёй сацыяльна-эканамічнай сыстэмы посткамуністычных краін, ацаніць патэнцыял гэтых краін было даволі складана. Беларусь сапраўды мела даволі адукаванае насельніцтва, немалую колькасьць кваліфікаваных кадраў, някепскую інфраструктуру.
Але вымяраць патэнцыял савецкай эканамічнай спадчынай было недарэчна. Яна ў любым выпадку мусіла зазнаць кардынальную перабудову і мадэрнізацыю.
Цапкала на абвінавачаньне пра ціск на СМІ: «Усё хлусьня, ні на кога я ня ціснуў»
Журналістка ІТ-парталу Dev.by спытала ў Цапкалы, ці будзе ён у выпадку абраньня прэзыдэнтам працягваць выкарыстоўваць становішча, ціснуць на бізнэс, мэдыя, людзей, каб яны рабілі тое, што «вам здаецца правільным».
«Калі вы былі дырэктарам ПВТ, вы ўмяшаліся ў працу кампаній-рэзыдэнтаў і рэдакцыі dev.by. Вы пісалі нам, што за супрацоўніцтва з dev.by ІТ-кампаніі могуць выключыць з ПВТ, таму што вам не падабаліся некаторыя нашы публікацыі. Нам таксама вядома, што вы неаднаразова тэлефанавалі кіраўніцтву Tut.by, Юрыю Зісеру, пагражалі аўтарам Tut.by „нейкімі непрыемнасьцямі“. Таму што вам не падабаліся некаторыя публікацыі», — сказала журналістка.
Валер Цапкала адказаў, што ціску ніякага не было, dev.by «прапагандаваў эміграцыю», а ён як дырэктар ПВТ быў супраць і прапаноўваў «спонсарам dev.by» паглядзець, наколькі гэта «карэлюе зь іх палітыкай». Бо і «CNN ня можа крытыкаваць Coca-Cola, бо тая — фундатар CNN».
«Dev.by ствараўся як партал для кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ. Адна з задач — у тым, каб праграмісты не мігравалі з адной кампаніі ў іншую».
«Пра Tut.by, спасылкі на Зісера, — ня трэба пра гэта казаць, усё хлусьня, ні на кога я ня ціснуў», — сказаў Цапкала.
А як насамрэч? Dev.by адзначае, што партал стваралі шараговыя айцішнікі без удзелу ПВТ і кампаній.
«Рэдакцыя dev.by дзейнічае ў інтарэсах чытачоў і індустрыі ў цэлым. Мы не абслугоўваем карпаратыўныя інтарэсы кампаній. Для гэтага існуюць іншыя падразьдзяленьні — рэкляма, партнэрскія матэрыялы, „Праца“, блогі кампаній», — напісана ў рэдакцыйнай палітыцы выданьня.
Марына Золатава, галоўны рэдактар парталу Tut.by, пацьвердзіла Dev.by, што званкі з выказваньнем незадаволенасьці ў адрас рэдакцыі ад Цапкалы паступалі неаднаразова.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.