Пераможцу назавуць «у канцы лета», сказалі арганізатары.
Арганізатары паведамляюць, што абвяшчэньне ляўрэата міжнароднай Букераўскай прэміі за 2020 год адкладаецца да «канца лета», каб «чытачы маглі атрымаць кнігі, якія трапілі ў кароткі сьпіс».
Пандэмія COVID-19 — галоўная прычына адкладваньня абвяшчэньня, якое мелася адбыцца 19 траўня, паколькі яна моцна парушыла сыстэму кніжнага распаўсюджваньня.
У заяве фонду Букераўскай прэміі адзначаецца: «Робяцца захады для таго, каб аўтары, перакладчыкі, выдавецтвы і кніжны гандаль атрымалі лепшую падтрымку ў гэты цяжкі час».
Шорт-ліст быў абвешчаны ў пачатку красавіка, у яго ўвайшлі шэсьць раманаў:
- Шукуфэ Азар. «Зьзяньне алычовага дрэва» (Іран)
- Габрыэля Кабэсон Камара. «Прыгоды Чайны Айран» (Аргентына)
- Даніель Кельман. «Тыль» (Нямеччына)
- Фэрнанда Мэльчор. «Сэзон ураганаў» (Мэксыка)
- Ёка Огава. «Паліцыя памяці» (Японія)
- Марыке Лукас Рэйнэвэлд. «Дыскамфорт вечара» (Нідэрлянды)
Гэтыя раманы плянуецца паўторна прарэклямаваць да адкладзенай даты абвяшчэньня пераможцы.
Адзін з раманаў шорт-ліста — «Тыль» Даніэля Кельмана ў перакладзе Вольгі Гронскай — ужо можна прачытаць і па-беларуску, кніга выйшла на мінулым тыдні ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча (па-расейску гэтая кніга яшчэ не выходзіла). Фрагмэнты з кнігі ў чытаньні перакладчыцы можна пачуць сёньня ўвечары ў чарговым эпізодзе нашага відэасэрыялу «Літаратары на карантыне».
Міжнародная Букераўская прэмія прысуджаецца штогод замежнаму раману ў перакладзе на ангельскую мову і выдадзенаму ў Вялікай Брытаніі або Ірляндыі. Аўтар і перакладчык дзеляць галоўны прыз на суму 50 000 фунтаў стэрлінгаў, тым часам як кожны з аўтараў і перакладчыкаў з кароткага сьпісу атрымліваюць па 1000 фунтаў кожны.