Ініцыятыву Аўстраліі і Эўразьвязу аб правядзеньні незалежнага расьсьледаваньня крыніцы каранавірусу ў сьвеце падтрымалі 62 краіны, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на аўстралійскую тэлерадыёвяшчальную карпарацыю АВС.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Падтрымка прагучала напярэдадні асамблеі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), якая адкрываецца ў панядзелак у Жэнэве, і няўхільна расьце, перадае АВС.
Эўрапейскія краіны і Аўстралія аб’ядналі намаганьні ў падтрымку праекту прапановы Эўразьвязу, які заклікае да «бесстароньняй, незалежнай і ўсёабдымнай ацэнкі скаардынаваных САЗ міжнародных захадаў у адказ у галіне аховы здароўя на COVID-19».
У гэтай прапанове канкрэтна ня згадваецца Кітай або горадУхань, дзе, як мяркуюць, пачалася ўспышка хваробы. Тым ня менш, як паведамілі крыніцы ў аўстралійскім ўрадзе, фармулёўкі ў прапанове Эўразьвязу былі дастаткова жорсткія, каб забясьпечыць належнае і дбайнае расьсьледаваньне, хоць яны ўсё яшчэ называюць гэта «першым крокам» да забесьпячэньня празрыстасьці.
Пакуль ні Кітай, ні ЗША не падтрымалі гэтую прапанову. Дыпляматы Эўразьвязу і Аўстраліі ўсё яшчэ працавалі ў нядзелю, каб пераканаць абедзьве буйныя дзяржавы аказаць ім падтрымку.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ