Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні забітых, «рэлігійныя экстрэмісты» і перадзел бізнэсу. Пятнаццаць гадоў расстрэлу ў Андыжане


Андыжан, 13 траўня 2005
Андыжан, 13 траўня 2005

Паводле афіцыйных дадзеных, падчас сутыкненьняў у Андыжане ў траўні 2005 году загінулі 187 чалавек, па неафіцыйных — да некалькіх тысячаў. Некаторыя называюць тое, што здарылася, масавым забойствам.

«Настоящее время» і ўзбэцкая служба Радыё Свабода нагадваюць, як разьвіваліся падзеі, памяць пра якія ўлады Ўзбэкістану спрабуюць сьцерці.

Адна з найбольш трагічных падзей у гісторыі незалежнага Ўзбэкістану адбылася 13 траўня 2005 году ў Андыжане. Жорсткае здушэньне пратэстаў паказала сьвету характар рэжыму ў гэтай краіне.

Масавыя пратэсты

Андыжанскім падзеям папярэднічалі хваляваньні ў Фэрганскай даліне Ўзбэкістану. У верасьні 2004 году каля ста жанчын наладзілі сядзячы страйк на галоўнай вуліцы ў Андыжане, спыніўшы на гадзіну дарожны рух. Яны выступалі супраць рэзкага падвышэньня цэнаў на мясцовым кірмашы.

У лістападзе некалькі тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Какандзе, прыкладна за 120 кілямэтраў ад Андыжану. Яны былі незадаволеныя новымі правіламі гандлю. Тады група пратэстоўцаў зьбіла некалькі міліцыянтаў і спаліла міліцэйскія машыны.

Справа 23 прадпрымальнікаў

У чэрвені 2004 году ўлады арыштавалі 23 прадпрымальнікаў з Андыжану. Іх абвінавачвалі ў сувязях з забароненай ва Ўзбэкістане ісламісцкай групоўкай «Акрам». Па сьцьвярджэньнях уладаў, яе ўзначальваў былы бізнэсовец Акрам Юлдашаў, які з 1999 году адбываў турэмны тэрмін па абвінавачаньнях у экстрэмізьме.

У існаваньні групоўкі «Акрам» многія сумняваліся. Мясцовыя жыхары лічылі, што гэта вынік перадзелу бізнэсу ў вобласьці — пасьля арышту бізнэсоўцаў іх прадпрыемствы перайшлі людзям, блізкім да новага кіраўніка вобласьці. Празь некалькі гадоў пасьля андыжанскіх падзей прэзыдэнт Іслам Карымаў часткова прызнае гэта.

Нарастаньне напружанасьці

За некалькі дзён да абвяшчэньня прысуду прадпрымальнікам, 10 траўня 2005 году, каля ста чалавек выйшлі на вуліцы Андыжану ў іх падтрымку. Да крывавых падзей заставалася тры дні.

Дэманстрацыя доўжылася некалькі дзён. Да 12 траўня колькасьць дэманстрантаў дасягнула каля дзьвюх тысяч чалавек. Акцыя праходзіла арганізавана: на адным баку вуліцы паставілі лаўкі для жанчын, мужчыны стаялі па іншы бок. Ўдзельнікі не блякавалі транспартны рух, трымалі тэрыторыю ў чысьціні.

Напад на турму

У ноч на 13 траўня каля 35 узброеных мужчын з суседняга Кіргізстану (пазьней улады назвалі іх ісламісцкімі экстрэмістамі) перайшлі мяжу з Узбэкістанам і напалі на міліцэйскі ўчастак непадалёку ад Андыжану. Яны забілі некалькі міліцыянтаў і захапілі зброю, а затым дабраліся да турмы, адкуль вызвалілі больш за дзьве тысячы зьняволеных, у тым ліку падсудных прадпрымальнікаў. Далей узброеныя людзі ў суправаджэньні некалькіх сотняў вызваленых вязьняў накіраваліся ў Ташкент, каб далучыцца да акцыі пратэсту.

Пратэсты і расстрэл

Ад самае раніцы 13 траўня андыжанцы пачалі зьбірацца на плошчы імя Бабура перад будынкам абласной адміністрацыі. Яе тэрыторыя была аточаная вайскоўцамі. Людзі патрабавалі адстаўкі ўраду і прэзыдэнта.

Адзін з пратэстоўцаў у размове з карэспандэнтам узбэцкай службы Радыё Свабода казаў, што аб 11 гадзіне раніцы вайскоўцы адкрылі агонь па прысутных на плошчы. Пазьней група ўзброеных людзей, якія далучыліся да пратэстоўцаў, захапіла адміністрацыю гораду. У некалькіх будынках пачаўся пажар.

У Андыжане запанаваў хаос. Але людзі, якія занялі будынак гарадзкой адміністрацыі і, як здавалася, кіравалі пратэстам, вылучылі патрабаваньні, якія зьмянілі ход падзей гэтага дня. Адзін зь іх, Кабілжон Парпіеў, правёў перамовы праз тэлефон з тагачасным міністрам унутраных спраў Узбэкістану Закірам Алматавым. Людзі патрабавалі неадкладнага вызваленьня 23 прадпрымальнікаў. Яны таксама заклікалі ААН і АБСЭ, Расею і ЗША выступіць пасярэднікамі ў вырашэньні рознагалосьсяў паміж бізнэсоўцамі і ўладамі.

Да паўдня ў горадзе было ня менш як дзевяць загінулых і 34 параненых.

У другой палове дня зьявіліся паведамленьні пра набліжэньне з усіх бакоў да Андыжану калёнаў вайскоўцаў і войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Да гэтай гадзіны на вуліцах гораду былі дзясяткі тысяч людзей, многія пачалі верыць, што адбываецца рэвалюцыя.

Сілавікі тым часам занялі пазыцыі на дахах дамоў, у горад увайшлі бронетранспартэры. Пачалася страляніна. На вуліцах былі жанчыны, дзеці і старыя. Як кажуць відавочцы падзей, вайскоўцы стралялі без разбору, дабівалі стрэламі ў сьпіну тых, хто спрабаваў уцячы.

Наступствы трагедыі

Па словах тагачаснага генпракурора Ўзбэкістану, у Андыжанскай трагедыі загінулі 169 чалавек, 32 зь іх — вайскоўцы. Сярод загінулых былі таксама дзеці і жанчыны. Пазьней колькасьць загінулых, паводле афіцыйнай вэрсіі, павялічыцца да 187 чалавек.

Міжнародная прэса, незалежныя журналісты і праваабаронцы паведамлялі, што колькасьць загінулых у Андыжане ў некалькі разоў перавышае афіцыйныя дадзеныя. У наступныя дні паступалі паведамленьні пра масавыя пахаваньні, якія зьявіліся вакол Андыжану.

Многія краіны сьвету пагадзіліся з тым, што ўзбэцкае кіраўніцтва мела права забясьпечыць падтрыманьне правапарадку, але не такімі сродкамі і не такім коштам. Многія відавочцы казалі, што ўвечары 13 траўня былі забітыя сотні, а магчыма і тысячы чалавек. Улады Узбэкістану дагэтуль настойваюць, што забітых у тыя дні было 187.

Больш падрабязна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG