Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паставіліся па-скоцку». Цела 87-гадовай мянчанкі з COVID-19 праляжала ў кватэры 16 гадзін


Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі вывозяць са шпіталя цела памерлага ад каранавірусу
Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі вывозяць са шпіталя цела памерлага ад каранавірусу

«Мы прайшлі проста колы пекла, вам не перадаць, што мы перажылі», — мянчанка Марына расказвае гісторыю сьмерці сваёй 87-гадовай цёці Веры. Цела жанчыны пасьля сьмерці больш за 16 гадзін праляжала ў кватэры, кажа пляменьніца.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сям’я спрабавала пахаваць яе як чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19 — каб усе, хто займаецца пахаваньнем, мелі адмысловую засьцярогу і не пазаражаліся. Аднак, сьцьвярджае пляменьніца Марына, зрабіць гэта аказалася немагчыма.

Вера Цімафееўна памерла 11 траўня дома. У яе быў станоўчы аналіз на COVID-19. Першай у сям’і захварэла яе дачка — стрыечная сястра Марыны.

«Яны нікуды ня езьдзілі за мяжу. Хіба ў транспарце сястра мая захварэла, хаця і ў масцы хадзіла, — кажа Марына. — Калі хуткая прыехала яе забіраць, яна ўжо была ў цяжкім стане, задыхалася. А ў цёці Веры быў лягчэйшы стан, тэмпэратура 37,1. І яна ў нас ляжачая. Нам адразу сказалі: „Калі вы яе звозіце, вы звозіце яе назаўжды“. Ну хто ж пасьля такіх словаў аддасьць свайго старога сваяка, каб апошнія дні правялі там?»

У шпіталі ў сястры Марыны пацьвердзіўся каранавірус. Як у кантактаў першага ўзроўню аналізы ўзялі ва ўсіх яе сямейнікаў. Станоўчы аналіз аказаўся ў маці — Веры Цімафееўны — і ў мужа.

Уся сям’я апынулася на карантыне, які, кажа Марына, яны старанна выконвалі. «Прадукты суседка прыносіла, пакідала пад дзьвярыма», — кажа яна. За Верай Цімафееўнай даглядаў яе сын.

«Цёці Веры было 87 гадоў, — кажа Марына. — Яна і вайну перажыла, і муж у яе ваяваў. Яна атрымлівала падвышаную пэнсію як удава вэтэрана вайны. Летась яна ўпала і зламала шыйку сьцягна. Яна ў здаровым розуме, вельмі адэкватная. Прасіла, каб яе па-чалавечы пахавалі ў родных сваіх мясьцінах на Горадзеншчыне».

За суткі да сьмерці ў Веры Цімафееўны паднялася тэмпэратура — да 38 градусаў. Прыходзіў доктар. А трэцяй гадзіне ў наступную ноч яна памерла на руках у сына.

«Хуткая прыехала і проста так паставіла дыягназ „вострая сардэчная недастатковасьць“, — кажа Марына. — Відавочных прычынаў сьмерці не было. Яны ведалі, што ў яе станоўчы аналіз на COVID-19, а напісалі першае, што прыйшло ў галаву. Аніякага ўскрыцьця не было. Яны бачаць, колькі чалавеку гадоў, нават ня сталі замарочвацца».

Больш за палову сутак сям’я спрабавала дабіцца, каб цела Веры Цімафееўны было пахавана з улікам яе станоўчага аналізу на COVID-19. Паводле Марыны, з даведкай ад хуткай сям’я мусіла атрымаць яшчэ даведку ад міліцыі. Аднак міліцыянт прыходзіць катэгарычна адмовіўся.

«Усе адмаўляліся яе забіраць, бо каранавірусных хворых забіраюць у морг, там апрацоўваюць і пасьля гэтага накіроўваюць на крэмацыю. А каб апрацаваць, трэба адправіць у морг, а каб адправіць у морг, патрэбная даведка зь міліцыі. А міліцыя ўсё заяўляла, нібыта яны такіх даведак не даюць, — кажа Марына. — Мне прычыну гэтай сытуацыі агучыў участковы, старшы лейтэнант. Ён сказаў: „Ніхто нічога ня ведае, мы ўпершыню сутыкаемся з такой сытуацыяй“. І крычыць мне праз тэлефон: „Я пад страхам сьмерці да вас у каранавірусную сям’ю не пайду“».

Адчаяўшыся знайсьці выйсьце, сям’я перадала ў рытуальнае бюро даведку з прычынай сьмерці «вострая сардэчная недастатковасьць». Цела Веры Цімафееўны праляжала ў кватэры больш за 16 гадзін. На вуліцы было да 23 градусаў цяпла.

«А ўвечары яшчэ прыйшлі правяраць, дзе знаходзіцца нашая цёця Вера!“ — кажа Марына пра тое, як міліцыя спраўджвала, ці выконвае сям’я ўмовы самаізаляцыі. — Чалавеку ў страшным сьне не магло прысьніцца, каб так па-скоцку паставіліся да сьмерці».

Марына вельмі ўзрушаная і самой сьмерцю цёці, і тым, як гэта адбылося.

«Я ўсё дзяцінства там правяла, дзе яна жыла. Гэта вельмі блізкі мне чалавек, — кажа жанчына. — Я гэта ўсё расказваю, каб людзі ведалі, што ў падобнай сытуацыі яны могуць апынуцца. Зьбяруся зь сіламі, можа пасьля 40 дзён, і напішу ў пракуратуру. Няхай там правяраюць, у мяне запісаныя ўсе прозьвішчы — хто і што мне адказваў».

«Супрацоўнікі міліцыі засьведчылі факт сьмерці. Участковы міліцыянт па сваёй ініцыятыве па-за сваімі абавязкамі схадзіў у паліклініку па месцы жыхарства з эпікрызам і атрымаў на рукі мэдычнае пасьведчаньне пра сьмерць грамадзянкі, — паведаміла Радыё свабода прадстаўнік УУС Менгарвыканкама Натальля Ганусевіч. — Дакумэнты былі пакінутыя ў паштовай скрыні, пра што ён паведаміў сваякам памерлай. Сваю часткаў абавязкаў мы выканалі”.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG