Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сон беларусы пабачаць у жніўні — пра пандэмію ці пра прэзыдэнцкія выбары?


Сьцісла:

  • Галоўны прагноз доктара Віктара Сушчэвіча — пік COVID-19 у Беларусі будзе дасягнуты прыкладна праз тры тыдні
  • Недахоп прагнозаў, якія прапаноўваюць абаронцы афіцыйнай палітыкі, у тым, што яе адэпты не абнародуюць свае мадэлі, на якіх гэтыя прагнозы пабудаваныя
  • Рэч ня ў шоках, кшталту сьвяткаваньня Вялікадня ці Дня Перамогі. Новай хвалі, новага, доўгатэрміновага паскарэньня працэсу яны не зададуць
  • Памыляюцца і кампэтэнтныя прафэсіяналы
  • Колькі разоў ужо прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, прадказвалі пералом у ходзе «псыхозу», прадказвалі пік
  • Ніводнага разу не прагучала прызнаньня памылкі, маўляў, вось мы зрабілі прагноз, ён ня спраўдзіўся, таму што такія і такія парамэтры зьмяніліся ня так, як мы меркавалі
  • Калі на вайне камандзір падымае сваю роту ў атаку, ён жа не тлумачыць байцам: У нас сілы такія, у ворага — такія, шанцы на посьпех — гэткія
  • 30 жніўня беларусам падрыхтаваны новы, а дакладней, стары, цудоўны сон — прэзыдэнцкія выбары. Ну дык і варта іх супакоіць — за два тыдні да цудоўнага сну забудзеце пра жахлівы

«Канкрэтная дата, калі мы забудзем гэты жахлівы сон — 14 жніўня» — пра гэта заявіў у эфіры БТ 3 траўня загадчык аддзяленьня мэдычнай статыстыкі Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч. Паводле яго, пік эпідэміі прыпадзе на 20-я дні траўня і далей пойдзе на спад, а «затым павінна наступіць зьніжэньне прыкладна да сярэдзіны чэрвеня». Ну, і апошняя кропка — 14 жніўня.

Не зусім зразумела з пункту гледжаньня лёгікі. Калі зьніжэньне будзе адбывацца да сярэдзіны чэрвеня, то што будзе адбывацца пасьля, яшчэ два месяцы — да сярэдзіны жніўня? Няўжо новае павелічэньне колькасьці захворваньняў, новая хваля? Калі так, то якія будуць падставы 14 жніўня забыць гэты «жахлівы сон»?

Але ня будзем прыдзірацца. Галоўны прагноз Віктара Сушчэвіча — пік будзе дасягнуты прыкладна праз тры тыдні. Пасьля, па сутнасьці вызначэньня піку, пойдзе зьніжэньне захворваньня.

Як будуюцца прагнозы?

Па вялікім рахунку ніводзін прагноз ня можа прэтэндаваць на абсалютную ісьціну. Усе яны грунтуюцца на экстрапаляцыі існай тэндэнцыі, на тым, што парамэтры, закладзеныя ў мадэль, захаваюцца і надалей або ня надта зьменяцца.

Прычым гэта тычыцца як аптымістычных, гэтак і пэсымістычных прагнозаў. Я, напрыклад, у сярэдзіне красавіка прагназаваў, што пры захаваньні тэмпу распаўсюду хваробы, які ён быў на пачатку красавіка, да 9 траўня ў краіне будуць сотні тысячаў хворых. Праўда, агаворваў — пры захаваньні тэмпу. Тады ён быў па 20% у дзень. А потым зьнізіўся больш чым удвая. Адпаведна, прагноз ужо відавочна ня спраўдзіцца.

Але так самы лёс можа спасьцігнуць і прагноз Віктара Сушчэвіча. Нейкія парамэтры працэсу могуць пагоршыцца. Тут рэч нават ня ў шоках, кшталту сьвяткаваньня Вялікадня ці Дня Перамогі. Яны, зразумела, падштурхнуць працэс, падальюць бэнзінчыку ў агонь пандэміі. Але новай хвалі, новага, доўгатэрміновага паскарэньня працэсу яны не зададуць. Хвароба ўжо надта распаўсюдзілася ў Беларусі, каб новы кароткачасовы шок зьмяніў тэндэнцыю.

Людзям, якія ў выніку гэтага шоку захварэюць, задавальненьня гэтая канстатацыя не прынясе. Але з гледзішча агульнага ходу пандэміі гэта сапраўды так.

Недахоп прагнозаў, якія прапаноўваюць абаронцы афіцыйнай палітыкі, у тым, што яе адэпты не абнародуюць свае мадэлі, на якіх гэтыя прагнозы пабудаваныя. Іншы бок хоць нешта ў гэтым пляне прапаноўвае, што можна праверыць, аспрэчыць прынцып дзеяньня мадэлі, зразумець, якімі менавіта індыкатарамі апэруюць прагназісты.

А з боку апалягетычнага — адно: верце нам, людзі, мы прафэсіяналы, мы ведаем. Ну добра, кампэтэнтнасьць таго ж доктара Сушчэвіча ніхто не аспрэчвае (я, прынамсі, не аспрэчваю). Але памыляюцца і кампэтэнтныя прафэсіяналы. Бывае так, што нібыта прыгожая і абгрунтаваная мадэль працавала раней, а цяпер не працуе. Чаму? «Ёсьць болей зьяў на сьвеце, друг Гарацыё, чым сьніцца філязофіі тваёй», — як казаў прынц Гамлет.

У выніку колькі разоў ужо прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, прадказвалі пералом у ходзе «псыхозу», прадказвалі пік. Таксама ж, напэўна, грунтаваліся на меркаваньнях, на ацэнках спэцыялістаў, ня менш кампэтэнтных, чым доктар Сушчэвіч.

І, дарэчы, ніводнага разу не прагучала прызнаньня памылкі — маўляў, вось мы зрабілі прагноз, ён ня спраўдзіўся, таму што такія і такія парамэтры зьмяніліся ня так, як мы меркавалі. Не, кожны новы прагноз робіцца з такімі ж яснымі, упэўненымі вачыма, нібыта правалу папярэдняга і не было. Ня выключана, што такія прагнозы, асабліва з вуснаў прадстаўнікоў улады, гэта не грунтаваная на фактах ацэнка, хай і памылковая, а чыстая агітацыя.

Прагноз як агітацыя

Калі на вайне камандзір падымае сваю роту ў атаку, ён жа не тлумачыць байцам: у нас сілы такія, у ворага — такія, шанцы на посьпех — гэткія. Ён крычыць: перамога будзе за намі, мы найлепшыя ваяры, а ворагі — баязьліўцы і слабакі. Пры тым, што сам ён можа і разумець, што абʼектыўна яно ўсё ня так проста.

Ну дык і Лукашэнка, і беларуская ўлада такой вайсковай лёгікай і кіруюцца.

Для доктара Сушчэвіча яна наўрад ці пераважная, ён усё ж адмысловец у мэдыцыне, а не ў прапагандзе. Але расставіць пэўным чынам акцэнты ў сваім прагнозе мог і ён. Чаму 14 жніўня забудуць беларусы пра каранавірус як пра «жахлівы сон»? А чаму ня 5 верасьня, скажам? «Хвост» затуханьня эпідэміі прагназаваць ня менш складана, чым самы пачатак. А будзе 3 ліпеня зноў масавае сьвяткаваньне Дня Рэспублікі, і раптам будзе новая ўспышка захворваньня.

Але 30 жніўня беларусам падрыхтаваны новы, а дакладней, стары, цудоўны сон — прэзыдэнцкія выбары. Ну дык і варта іх супакоіць — за два тыдні да цудоўнага сну забудзеце пра жахлівы. Што доктар Сушчэвіч і зрабіў. Можа, і ня надта паграшыўшы супраць сваёй кампэтэнтнасьці. Месяц туды — месяц сюды. Няўдзячная штука прагнозы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG