Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы заявіла Дзярждэпартамэнту ЗША пра небясьпеку БелАЭС


Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус

Захад зацікаўлены ў палітычнай, эканамічнай і энэргетычнай незалежнасьці Беларусі, заявіў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 28 красавіка ў тэлефоннай размове з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Бігунам, паведамляе БелаПАН.

Па словах Лінкявічуса, якія прыводзіць прэс-служба МЗС краіны, Літва гатовая садзейнічаць узмацненьню энэргетычнай незалежнасьці Беларусі, але важна, каб і сама Беларусь рабіла адпаведныя крокі. У размове з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Лінас Лінкявічус:

  • падкрэсьліў важнасьць рынкавых рэформаў у Беларусі і ўстойлівага эканамічнага росту і выказаў занепакоенасьць ціскам Расеі на стратэгічныя сэктары эканомікі Беларусі;
  • папрасіў прадстаўніка Дзярждэпартамэнту падтрымаць пазыцыю Літвы адносна БелАЭС, акцэнтаваўшы ўвагу на «неадпаведнасьці яе праекту стандартам экалягічнай і ядзернай бясьпекі» і неабходнасьці правядзеньня стрэс-тэстаў па рэкамэндацыях Эўразьвязу да здачы АЭС у эксплуатацыю;
  • выказаў занепакоенасьць недастатковымі, на яго думку, намаганьнямі беларускіх уладаў у барацьбе з пандэміяй каранавірусу;
  • падкрэсьліў важнасьць выкананьня правоў чалавека ў Беларусі.

«Мы павінны працаваць разам, каб падтрымліваць вольную і незалежную Беларусь. Будаўніцтва Астравецкай АЭС супярэчыць эканамічнай лёгіцы, накладаючы вялікі эканамічны цяжар на краіну і яшчэ больш павялічваючы яе залежнасьць ад Расеі», — заявіў Лінкявічус.

23 красавіка падчас тэлефоннай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Вільня ня згодная з выбарам месца для БелАЭС каля літоўскай мяжы, а пытаньне яе бясьпекі выклікае сур’ёзную заклапочанасьць. Таксама Наўседа пасьля размовы расказаў, што прапаноўваў Лукашэнку дапамогу ў барацьбе з каранавірусам, а ў адказ пачуў толькі падзяку за прапанову.

27 красавіка Наўседа ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім папрасіў Украіну адмовіцца ад куплі электраэнэргіі зь Беларускай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG