Прэзыдэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія 16 лістапада заявіў пра гатоўнасьць сысьці з пасады пасьля таго, як пратэстоўцы пакінуць будынак адміністрацыі прэзыдэнта, піша «Эхо Кавказа».
Пра гэта Аслан Бжанія паведаміў прыхільнікам, якія сабраліся ў яго роднай вёсцы Тамыш.
«Кажуць, што я зьехаў з Абхазіі, я знаходжуся ў Абхазіі. Мы сабраліся не для таго, каб захаваць маю ўладу, а для таго, каб захаваць дзяржаўнасьць. Тыя, хто знаходзіцца ў адміністрацыі прэзыдэнта, павінныя сысьці адтуль. Пасьля чаго я абвяшчу выбары і падам у адстаўку», — сказаў ён.
15 лістапада Бжанія публічна адмовіўся сыходзіць у адстаўку на патрабаваньне апазыцыі і пакінуў Сухумі, зьехаўшы ў радавое сяло Тамыш за 40 кілямэтраў ад Сухумі.
- 15 лістапада сотні чалавек выйшлі на мітынг у Сухумі, пратэстуючы супраць інвэстыцыйнай дамовы з Расеяй. Абхазскія ўлады разглядаюць дамову як стымул для мясцовай эканомікі. Апазыцыя лічыць яе «прамой здачай інтарэсаў» самаабвешчанай рэспублікі. Пры гэтым лідэры апазыцыі неаднойчы падкрэсьлівалі, што пратэсты накіраваныя выключна супраць палітыкі Бжаніі, а ня супраць Расеі, якую яны назвалі «стратэгічным партнэрам» і «адзіным гарантам бясьпекі». Пратэстоўцы размахвалі расейскім сьцягам і скандавалі «Расея!», адказваючы на абвінавачаньні ўладаў у антырасейскіх настроях.
- Падчас пратэсту мітынгоўцы зьнесьлі частку плота вакол комплексу ўрадавых будынкаў і трапілі на тэрыторыю ўрадавага комплексу, а потым унутр парлямэнта і адміністрацыі Бжанія. Удзельнікі акцыі закідалі супрацоўнікаў міліцыі яйкамі і бутэлькамі. Тыя ўжылі дымавыя шашкі і сьлезацечны газ. Падчас пратэсту пацярпелі 13 чалавек, траім зь іх спатрэбілася шпіталізацыя.
- На фоне пратэстаў парлямэнт самаабвешчанай Абхазіі адмяніў сэсію 15 лістапада, на якой павінна было прайсьці галасаваньне па пытаньні ратыфікацыі інвэстыцыйнай дамовы з Масквой. Пасьля гэтага ў адміністрацыі Бжанія паабяцалі адклікаць праект дамовы. Аднак 16 лістапада у прэс-службе Бжанія паведамілі, што ён не падпісваў дакумэнт аб адкліканьні дамовы з парлямэнту.
- 16 лістапада каардынацыйная рада, створаная напярэдадні апазыцыяй Абхазіі, заклікала грамадзян Абхазіі прыходзіць у 14:00 па мясцовым часе да абхазскага парлямэнту і працягваць дамагацца адстаўкі Бжанія.
- Абхазскія прэзыдэнты двойчы сыходзілі ў адстаўку датэрмінова з прычыны пратэстаў апазыцыі. 1 чэрвеня 2014 году сышоў з пасады Аляксандар Анкваб. 12 студзеня 2020 году ў адстаўку сышоў Рауль Хаджымба — пасьля таго, як абхазскі Вярхоўны суд адмяніў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году. На выбарах у сакавіку 2020 году ён выйграў, набраўшы 56,50% галасоў.
Форум