Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 21 красавіка.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
- У Беларусі зарэгістравалі 6723 выпадкі каранавірусу. Памерлі 55 пацыентаў са станоўчым тэстам на Covid-19. Выздаравелі і выпісаныя 577 пацыентаў, у якіх раней пацьвердзілі каранавірус.
- Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў 20 красавіка, што асноўная барацьба з каранавірусам яшчэ наперадзе. «Паверце, самае складанае яшчэ наперадзе. Мы можам прадухіліць гэтую трагедыю. Шмат хто не разумее, што гэта за вірус», — заявіў старшыня WHO на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве.
- Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) апублікавала сьпіс рэкамэндацый для Беларусі па выніках місіі экспэртаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам. САЗ парэкамэндавала Беларусі спыніць масавыя імпрэзы і перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне.
- «Яны да нас любові ня маюць, — заявіў Лукашэнка пра рэкамэндацыі САЗ — Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі».
- Сусьветная арганізацыя аховы здароўя выказвае меркаваньне, што каранавірус новага тыпу SARS-CoV-2 мае натуральнае, жывёльнае паходжаньне.
- Хакеіст прэзыдэнцкай каманды Дзьмітры Мялешка пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што ён хворы на пнэўманію і мае станоўчы тэст на COVID-19.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 красавіка анансаваў кандыдатуру на амбасадара ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Ёю стала Джулі Фішэр. Джулі Фішэр, кар’ерная дыпляматка, цяпер займае пасаду намесьніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу.
- Цана нафты Brent упала пад 19 даляраў за барэль, упершыню з 2002 году. Адной з прычынаў абвалу цэнаў на нафту аналітыкі называюць нізкі попыт на сыравіну на фоне пандэміі каранавірусу. Акрамя таго, немалую ролю адыгралі рознагалосьсі паміж краінамі-вытворцамі нафты.
- Пяты раз каталіцкаму «Радыё Марыя» ў Беларусі адмовілі ў ліцэнзіі СМІ, безь якой яно ня можа атрымаць частоты вяшчаньня і трапіць у радыёпакет Белтэлекаму Zala. Загадчыца сэктару рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі і кантролю за выкананьнем заканадаўства Беларусі Ларыса Мяльгуй заявіла Свабодзе, што сёлета «Радыё Марыя» не падавала дакумэнтаў на рэгістрацыю СМІ.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ