Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі трох пратэстоўцаў супраць акумулятарнага завода ў Берасьці


Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці
Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці

На раніцу 18 красавіка стала вядома пра мінімум тры затрыманьні ўдзельнікаў пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасьці: Аляксандра Кабанава, Дзьмітрыя Бекалюка і Зьмітра Андрасюка.

Затрымалі з самаізаляцыі

Блогер Сяргей Пятрухін 18 красавіка напісаў у фэйсбуку пра затрыманьне Аляксандра Кабанава: «Раніцай Аляксандр сабраў рэчы, пагаліўся, апрануў маску і выйшаў за вароты, дзе быў затрыманы».

У Пінскім РАУС дзяжурны адмовіўся паведаміць карэспандэнту Свабоды прычыну затрыманьня Аляксандра Кабанава. На просьбу абвергнуць ці пацьвердзіць само затрыманьне міліцыянт паклаў слухаўку.

Паводле Сяргея Пятрухіна, каб затрымаць Аляксандра Кабанава міліцыянты дзяжурылі ўсю ноч каля дома, дзе ён знаходзіўся.

«Гэта дом у пасёлку побач з Пінскам. Пажыць тут нас запрасіў адзін з падпісчыкаў. Мы з Аляксандрам тут ужо месяц знаходзімся ў самаізаляцыі, перажываем каранавірус. А 7 гадзіне Аляксандр хацеў выйсьці з дому, але да яго адразу падышлі міліцыянты, спыталі імя і сказалі, што затрымаюць. Ён толькі вярнуўся ў дом за рэчамі і пайшоў да іх. Мне сказаў, што няма сэнсу сядзець у блякадзе, хай забіраюць. Хутчэй за ўсё затрымалі як Бекалюка за акцыю ў Берасьці 12 красавіка», — мяркуе Сяргей Пятрухін.

Каго яшчэ затрымалі?

17 красавіка ў Берасьці міліцыянтамі быў затрыманы адзін з лідэраў пратэстаў супраць акумулятарнага заводу Дзьмітрый Бекалюк. Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка актывіста павезьлі ў Ленінскі РАУС горада, па дарозе ён пасьпеў падзяліцца меркаваньнем, што на яго будзе складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супроць акумулятарнага заводу, якая прайшлі ў Берасьці 12 красавіка.

Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, раніцай, па дарозе на вёску, затрымалі экаактывіста Зьмітра Андрасюка, піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Андрасюк таксама прымаў удзел у «нядзельным кармленьні галубоў» на плошчы Леніна ў Берасьці.

«Па дарозе на вёску затрымалі экаактывіста Зьмітра Андрасюка. Ад самай хаты, за машынай у якой ён ехаў, за імі прычапілася машына з людзьмі, аднаго з якіх ён ведаў як міліцыянта», сказаў Вялічкін.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG