Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада прайграе сацсеткам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мы часта параўноўваем сёньняшнюю сытуацыю з той, што была адразу пасьля Чарнобыля, і справядліва. Паралеляў шмат, асабліва што тычыцца прыхоўваньня праўдзівай інфармацыі. Але ёсьць адна прынцыповая розьніца. Яна — у доступе да інфармацыі.

У 86-м годзе ў СССР не існавала незалежнай прэсы, і людзі, каб даведацца праўду пра небясьпеку радыяцыі, слухалі заходнія галасы — «Свабоду», «Голас Амэрыкі», Бі-Бі-Сі. Якасьць прыёму была дрэннай, бо па ўсім СССР працавалі глушылкі.

У сёньняшняй Беларусі незалежных выданьняў вельмі мала, большасьць тых, што існавала, разгромленыя. Але ёсьць сацыяльныя сеткі. Прызнацца, раней я быў скептыкам у ацэнцы іх уплыву. І памыляўся. Відэазвароты некаторых апазыцыйных палітыкаў і блогераў набіраюць сотні тысяч праглядаў — а гэта ўжо электаральныя лічбы.

Але цяпер гаворка нават не пра папулярных у сеціве асобаў. Сёньня нікому невядомы чалавек можа быць пачуты, у літаральным сэнсе, мільёнамі. І без усякіх пасярэднікаў.

І ў сацсетках, у тэлеграм-каналах зьяўляецца інфармацыя, якой няма ў дзяржаўных СМІ. Пра тое, як зь Віцебску вязуць у раённыя бальніцы хворых, бо ўжо не хапае месцаў, як галоўныя ўрачы забараняюць падначаленым даваць інфармацыю пра адсутнасьць сродкаў бясьпекі, і што самі мэдыкі ў бальніцах хварэюць дзясяткамі, і што ў раённых і абласных цэнтрах немагчыма здаць тэсты, і што тым, каго хаваюць у зачыненай труне, пішуць дыягназ — «пнэўманія».

І самае страшнае для ўладаў, што з гэтым немагчыма нічога зрабіць.

Канечне, можна адключыць інтэрнэт. Але гэта будзе азначаць — стварэньне якасна іншай сытуацыі, вяртаньне ў 80-я гады.

А для Аляксандра Рыгоравіча — вяртаньне туды, дзе ён тады і быў: Магілёўская вобласьць, Шклоўскі раён, вёска Александрыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG