Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Fox News назваў супрацоўніка вірусалягічнай лябараторыі Ўханя нулявым пацыентам COVID-19


Мэтро ва Ўхані, фота REUTERS
Мэтро ва Ўхані, фота REUTERS

Чалавек, які першы заразіўся каранавіруснай інфэкцыяй, працаваў у вірусалягічнай лябараторыі кітайскага гораду Ўхань, адкуль пачалося распаўсюджваньне хваробы па ўсім сьвеце.

Пра гэта паведамляе канал Fox News са спасылкай на некалькі крыніцаў, знаёмых з рашэньнямі ўладаў Кітая на раньніх этапах эпідэміі. Ва Ўхані разьмешчаны адзін з найбуйнейшых вірусалягічных цэнтраў краіны, сэртыфікаваны для працы з самымі небясьпечнымі вірусамі.

Мяркуецца, што супрацоўнік Інстытуту вірусалёгіі Кітайскай акадэміі навук падхапіў вірус ад кажана і вынес яго ў горад. Канал настойвае, што ў крыніцаў, знаёмых з тэмай, «расьце ўпэўненасьць», што вірус ня быў перададзены чалавеку з прыроды. Пры гэтым выданьне ня піша, што ён можа мець штучнае паходжаньне.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, успышка пачалася на рынку ва Ўхані. У адным зь першых дасьледаваньняў хваробы ў аўтарытэтным мэдычным часопісе Lancet роўна палова пацыентаў аказалася зьвязанымі з уханьскім рынкам. Аднак у іншым дасьледаваньні ў тым жа часопісе іншая група кітайскіх навукоўцаў настойвае на тым, што хвароба была ўпершыню дыягнаставаная ў чалавека, які ня меў да рынку ніякага дачыненьня.

Крыніца Fox News настойвае, што перамясьціць пачатак успышкі на рынак было стратэгіяй Кітаю ў абароне ад абвінавачаньняў у лябараторным паходжаньні. Канал сьцьвярджае, што на гэтым рынку ніколі не прадаваліся кажаны.

Пасьля ўспышкі атыповай пнэўманіі ў 2002–2003 гадах САЗ зьвяртала ўвагу на недахопы ў сыстэмах бясьпекі кітайскіх біялябараторый. Інцыдэнты, зьвязаныя зь невыкананьнем правілаў працы, адбываюцца і ў іншых краінах, што дае магчымасьць выказаць здагадку, што вірус тэарэтычна мог пакінуць межы лябараторыі.

У 2018 годзе амэрыканскія чыноўнікі папярэджвалі пра неадэкватныя мерах засьцярогі ва ўханьскай лябараторыі, дзе праводзіліся небясьпечныя экспэрымэнты зь лятучымі мышамі, паведаміла ў аўторак газэта The Washington Post.

Навукоўцы правяралі гіпотэзу пра лябараторнае паходжаньне вірусу. Але не знайшлі ёй пацьверджаньняў. На пачатку тыдня стала вядома, што ўлады Кітаю наклалі абмежаваньні на публікацыю дасьледаваньняў пра паходжаньне каранавірусу. Паводле CNN, дасьледаваньні ня могуць быць апублікаваныя, пакуль іх ня ўхваліць навукова-тэхнічны аддзел Міністэрства адукацыі і рабочая група пры Дзяржаўнай радзе Кітаю. Толькі пасьля гэтага яны могуць быць накіраваныя ў навуковыя часопісы. Аднак дасьледаваньні на гэтую тэму публікуюць ужо заходнія навукоўцы.

У лютым у аўтарытэтным навуковым часопісе Nature быў апублікаваны артыкул, у якім адзначаецца, што вірус выглядае лягічна для разьвітага эвалюцыйна, але нелягічна — для створанага штучна. Там жа сьцьвярджаецца, што ў вірусе ня выяўлена кампанэнтаў, зь якіх навукоўцы маглі б «сабраць» яго ў лябараторыі (больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у Science News).

Шэраг навукоўцаў зьвяртае ўвагу на тое, што каранавірус дрэнна прыдатны для ваеннага выкарыстаньня. Fox News настойваюць, што ў інстытуце вірусалёгіі вірус вывучаўся не для выкарыстаньня ў якасьці біялягічнай зброі, а каб даказаць, што навуковы патэнцыял Пэкіна ў вірусалёгіі не ніжэйшы за амэрыканскі.

Пра адмову ад вэрсіі, што вірус паўстаў не з прыроды, паведаміў раней на прэс-канфэрэнцыі ў Пэнтагоне і кіраўнік Камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Майлі.

«Я б сказаў, што вэрсія пра лябараторнае паходжаньне вірусу выглядае непераканаўча. Але пакуль што мы ня можам сказаць гэта з поўнай упэўненасьцю», — цытуе яго часопіс Newsweek.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG