Міністэрства аховы здароўя апублікавала 16 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 16 красавіка:
- 4204 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў яе выпісаных і памерлых);
- колькі хворых шпіталізавалі, колькі адправілі дамоў хворымі і колькі выпісалі здаровымі, перасталі паведамляць, але з ранейшых зьвестак можна зрабіць выснову, што на самаізаляцыю адправілі нейкую колькасьць інфікаваных, да 634 чалавек на 14 красавіка;
- 65 пацыентаў «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьці пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
- 40 памерлі, міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі «шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 476 новых выпадкаў і 4 сьмерці за дзень;
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 81 246 тэстаў у 24 лябараторыях, у тым ліку прыватных;
- у ліку інфікаваных 116 дзяцей, зь іх ніводнага ў цяжкім стане або на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Днём раней міністэрства паведамляла пра 3728 выпадкаў каранавірусу (362 выпадкі за дзень), 36 памерлых. Па стане на 14 красавіка Мінздароўя фіксавала такі распаўсюд COVID-19 па рэгіёнах:
- 1691 у Менску;
- 359 у Менскай вобласьці (бязь Менску);
- 848 у Віцебскай вобласьці;
- 151 у Магілёўскай вобласьці;
- 106 у Гомельскай вобласьці;
- 73 у Берасьцейскай вобласьці;
- 53 у Горадзенскай вобласьці.
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».
На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.
- «Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі. І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё».
- «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ». І не паміраў.
- «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
- «У нас няма ніякай самаізаляцыі», «гэта фактычна амбуляторнае лячэньне».
- «Самаізаляцыя аж на 14 дзён» не патрэбна.
- «Мы дарогу да храма нікому не закрываем». «Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Беларускія СМІ «трэба кантраляваць». «І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.