Краіны Эўропы пачынаюць аслабляць карантынныя захады. Уведзеныя месяц таму абмежаваньні даюць свой плён — прырост новых выпадкаў COVID-19 зьменшыўся. У Польшчы ў два разы, а ў Чэхіі — у пяць.
Тлумачым, калі і як суседзі Беларусі ўводзілі карантын і якая там сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу сёньня.
Польшча
10 сакавіка — першыя карантынныя захады
22 чалавекі былі інфікаваныя COVID-19 на той час
0 сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу было на той час
Польшча адной зь першых краін Эўропы ўвяла абмежаваньні праз эпідэмію каранавірусу, і ўжо 10 сакавіка там зачынілі ўсе школы і ўнівэрсытэты, а таксама забаранілі масавыя мерапрыемствы. З 25 сакавіка, калі ў краіне быў зарэгістраваны 1051 выпадак каранавірусу, у Польшчы забаранілі публічныя сустрэчы больш як двух чалавек (калі яны не сваякі). З гэтага ж часу забараняліся перамяшчэньні па краіне (акрамя вымушаных).
У апошні тыдзень колькасьць новых выпадкаў COVID-19 пайшла на спад, і ў Польшчы рэгіструюць 200–300 новых выпадкаў на дзень. Гэта менш, чым у Беларусі.
З 19 красавіка Польшча пачне здымаць абмежаваньні, выкліканыя каранавірусам.
Літва
12 сакавіка — першыя карантынныя захады
3 чалавекі былі інфікаваныя COVID-19 на той час
0 сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу было на той час
12 сакавіка ўрад адмяніў заняткі ва ўсіх адукацыйных установах і скасаваў масавыя мерапрыемствы з удзелам больш як 100 чалавек. У той жа дзень былі зачыненыя кінатэатры, музэі і спартовыя залі.
16 сакавіка ўведзены ўжо агульнанацыянальны карантын, згодна зь якім зачыняліся амаль усе крамы, бары, рэстарацыі. Краіна спыніла міжнародныя зносіны і закрыла межы.
Мяркуючы па дадзеных штодзённых рэгістрацый каранавірусу, пік эпідэміі ў Літве быў з 25 сакавіка да пачатку красавіка. Ужо другі тыдзень у краіне рэгіструюць ня больш як 10–40 новых выпадкаў COVID-19. Аднак карантын там усё адно працягнулі да 27 красавіка. Больш за тое, з 10 красавіка жыхары Літвы абавязаныя насіць па-за домам маску.
Украіна
12 сакавіка — першыя карантынныя захады
3 чалавекі былі інфікаваныя COVID-19 на той час
0 сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу было на той час
Карантын ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі Кабінэт міністраў закрыў усе навучальныя ўстановы. Ад 16 сакавіка закрыліся 170 з 219 памежных пераходаў.
На дзень увядзеньня карантыну ва Ўкраіне пацьвердзілі толькі 3 выпадкі заражэньня каранавірусам. Але гэта не паказальная лічба, бо на той момант праверылі ўсяго 40 чалавек.
І хоць карантын увялі больш як месяц таму, штодня ва Ўкраіне рэгіструюць усё большую колькасьць хворых. Былая міністарка аховы здароўя Уляна Супрун абвінавачвае ўлады ў тым, што яны праводзяць мала тэставаньняў, а таму не выяўляюць дастаткова інфікаваных людзей.
Латвія
13 сакавіка — першыя карантынныя захады
17 чалавек былі інфікаваныя COVID-19 на той час
0 сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу было на той час
У Латвіі закрылі ўсе навучальныя ўстановы на наступны дзень пасьля Літвы — 13 сакавіка. Тут адразу ўвялі рэжым надзвычайнага становішча, забаранілі масавыя мерапрыемствы з удзелам больш як 200 чалавек. Празь некалькі дзён гэты ліміт зьменшылі да 50 чалавек. Паліцыя праводзіла праверкі і, прыкладам, за адзін дзень 16 сакавіка склала пратаколы на 14 чалавек, якія парушалі рэкамэндацыі бясьпекі.
7 красавіка латвійскія ўлады працягнулі карантын у краіне да сярэдзіны траўня. Эпідэміялягічная служба краіны лічыць, што пік каранавірусу ў Латвіі прыпадзе на 25 красавіка.
Расея
23 сакавіка — першыя карантынныя захады
438 чалавек былі інфікаваныя COVID-19 на той час
1 сьмяротны выпадак ад каранавірусу было на той час
Праз каранавірус у Расеі на тыдзень раней адправілі на канікулы школьнікаў — 23 сакавіка. Цэлы месяц — з 30 сакавіка па 30 красавіка — абвясьцілі непрацоўным ва ўсёй краіне. 30 сакавіка Расея цалкам закрыла свае межы, у тым ліку зь Беларусьсю.
Колькасьць зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 у Расеі працягвае расьці. На сёньня гэта больш як тры тысячы новых выпадкаў штодня. Навукоўцы чакаюць піку эпідэміі ў канцы красавіка — пачатку траўня.
Беларусь
Па стане на 16 красавіка не прынятыя агульнанацыянальныя карантынныя захады
3728 чалавек інфікаваныя COVID-19 на гэты час
36 сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу на гэты час
Гэта адзіная краіна Эўропы, якая не ўвяла карантын на дзяржаўным узроўні. У Беларусі працягваюць працаваць навучальныя ўстановы, бары і рэстарацыі. Нават спартовыя спаборніцтвы праводзяцца з гледачамі. Меры прымаюцца толькі ў канкрэтных месцах і рэгіёнах, дзе адзначаецца ўспышка каранавірусу. Напрыклад, Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт часткова перайшоў на дыстанцыйнае навучаньне, пасьля таго як два інтэрнаты закрылі на карантын разам са студэнтамі. Калі ў садках ці школах рэгіструюць каранавірус, то ізалююць толькі кантакты першага ўзроўню, а рэшта дзяцей працягвае наведваць навучальную ўстанову.
За апошні тыдзень колькасьць новых выпадкаў каранавірусу, якія рэгіструюцца цягам дня, вырасла прыкладна ў два разы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.