Міністэрства аховы здароўя Беларусі выдала загад аб мэдычнай дапамозе пацыентам, хворым на COVID-19 у лёгкай форме і з так званай нешпітальнай пнэўманіяй.
У адпаведнасці з дакумэнтам, шпіталям загадана:
- Зацьвердзiць парадак хатняй дапамогі пацыентам зь няцяжкай формай пнэўманіі, не зьвязанай з інфэкцыяй COVID-19, а таксама пацыентам з каранавірусам у амбуляторных умовах;
- Начальнікам упраўленьняў аховы здароўя выканкамаў, галоўным дзяржаўным санітарным лекарам абласьцей і Менску загадана выпісваць кантактаў першага ўзроўню зь лякарняў у амбуляторныя ўмовы. У тым ліку, калі яшчэ няма выніку лябараторнага дасьледаваньня, зробленага на сёмы дзень ад кантакту з носьбітам інфэкцыі COVID-19;
- Арганізаваць дапамогу кантактам першага ўзроўню, выпісаным са шпіталяў для далейшага лячэньня ў амбуляторных умовах, рабіць лябараторныя дасьледаваньні ў вызначаныя тэрміны;
- Арганізаваць дапамогу пацыентам з інфэкцыяй COVID-l9 без сымптомаў і зь лёгкім цячэньнем хваробы ў амбуляторных умовах;
- Аказаць мэдычную дапамогу ў хатніх умовах пацыентам зь нешпітальнай пнэўманіяй у няцяжкай форме;
- Забясьпечыць мэдработнікаў, якія дапамагаюць пацыентам з інфэкцыяй COVID-19 і зь нешпітальнай пнэўманіяй у амбуляторных умовах, сродкамі індывідуальнай засьцярогі з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі.
Загад падпісаны міністрам аховы здароўя Ўладзімерам Каранікам, кантроль за яго выкананьнем ускладзены на намесьнікаў кіраўніка ведамства.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ