Кіраўнікі Паўночнаатлянтычнага альянсу пры ўдзеле прадстаўнікоў Эўразьвязу акрэсьлілі шляхі дапамогі ўладам саюзных краін, перадае «Голас Амэрыкі».
Міністры абароны краін NATO правялі экстраную відэаканфэрэнцыю, на якой абмеркавалі спосабы барацьбы з распаўсюдам COVID-19. Акрамя найвышэйшага генэралітэту, у сустрэчы бралі ўдзел вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў вонкавай палітыцы і бясьпецы Жазэп Барэль, а таксама чальцы ўрадаў Швэцыі і Фінляндыі, якія не ўваходзяць у ваенны блёк. Ад ЗША ўдзельнічаў міністар абароны Марк Эспэр, які выйшаў на сувязь з Брусэлем са свайго офісу ў Пэнтагоне.
Па словах генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, галоўнымі пытаньнямі на парадку дня былі каардынацыя магчымасьцяў альянсу для задушэньня пандэміі.
«Вайскоўцы з краін Паўночнаатлянтычнага альянсу ажыцьцявілі больш за 100 місій для перавозкі мэдпэрсаналу і абсталяваньня. Забясьпечана будаўніцтва 25 палявых шпіталёў. Пастаўлена больш за 25 тысяч ложкаў. Больш за 4 тысячы вайскоўцаў накіравалі ў падтрымку цывільных арганізацый», — паведаміў Столтэнбэрг.
Асобнай тэмай стала барацьба з дэзынфармацыяй ва ўмовах эпідэміі. Генэральны сакратар NATO дыпляматычна назваў распаўсюднікаў чутак «дзяржаўнымі і недзяржаўнымі суб’ектамі», не ўдакладняючы канкрэтна краіну або мэдыя.
«Сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюцца дзеля таго, каб распаўсюджваць неабгрунтаваныя абвінавачаньні ў сувязі з тым, што саюзнікі па NATO робяць у барацьбе з каранавірусам, і які на самой справе ўзровень нашай мабілізацыі. Я лічу, што найлепшым адказам на дэзынфармацыю ёсьць свабодная і незалежная прэса. Калі журналісты правяраюць факты і задаюць пытаньні, прапаганда ніколі не спрацуе», — сказаў ён.
Кіраўніцтва NATO нэгатыўна ўспрымае размовы аб тым, што нацыянальныя ўрады могуць зрэзаць выдаткі на абарону і такім чынам паменшыць агульны ўзровень адлічэньняў на інфраструктуру блёку. Як адзначыў Енс Столтэнбэрг, інвэстыцыі ў вайсковы патэнцыял важныя ня толькі ў супрацьдзеяньні ваенным пагрозам, але і падчас пераадоленьня крызісу ў галіне аховы здароўя, дзе вайскоўцы маюць велізарны патэнцыял.
З другога боку ён прызнаў, што зьніжэнне ВУП у краінах NATO, безумоўна, адаб’ецца на бюджэце альянсу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ