Ад пачатку ўспышкі каранавірусу ў Азэрбайджане арыштавалі ня менш за 16 актывістаў апазыцыі, заяўляюць азэрбайджанскія праваабаронцы. Яны кажуць, што ўлады такім чынам распраўляюцца з апанэнтамі, паведамляе выданьне Eurasianet.
У заяве Нацыянальнай рады дэмакратычных сіл, апублікаванай у фэйсбуку старшыні партыі «Народны фронт» Алі Керымлі, гаворыцца, што дзесяць чалавек былі арыштаваныя ў сакавіку, шэсьць – у красавіку.
Сярод іх Фаіг Амірлі, памочнік старшыні партыі «Народны фронт». Яго арыштавалі на 30 сутак нібыта за парушэньне карантыну. Жонка актывіста 8 красавіка заявіла пра выкраданьне мужа: пазьней высьветлілася, што ён затрыманы.
10 красавіка на 30 сутак арыштаваны актывіст Ніджат Абдулаеў – таксама праз абвінавачваньне ў парушэньні правілаў выхаду з дому.
У Азэрбайджане ўведзены ўзмоцнены карантынны рэжым: жыхары павінны атрымліваць СМС-дазвол уладаў кожны раз, калі яны выходзяць з хаты. Пры гэтым афіцыйна надзвычайнае становішча ня ўведзена.
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што перасьлед актывістаў па прычыне нібыта невыкананьня карантыну адбываецца ўсё часьцей. Пра гэта гаворыцца ў заяве Amnesty International.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 19 сакавіка зьвярнуўся з прамовай да народу з нагоды сьвята Наўруз і ў сувязі з каранавірусам. Ён абвінаваціў «пятую калёну» ў тым, што яна «хоча зьнішчыць Азэрбайджан», выкарыстоўваючы каранавірус.
На 13 красавіка ў Азербайджане, паводле афіцыйнай інфармацыі, зафіксавана 1098 чалавек з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй, 11 чалавек памерлі, 250 ачунялі.