Праваабаронца з арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак накіраваў ліст да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з заклікам падтрымаць абвяшчэньне ў краіне карантыну.
Алег Воўчак спаслаўся на зьвесткі ад прызыўнікоў, якія расказалі, як праходзілі мэдычную камісію перад прызывам у войска.
«Мне толькі што пазванілі прызыўнікі з Гомля, дзе праходзяць мэдычны агляд для прызыву, і паведамілі, што дактары былі бяз масак, прызыўнікоў трымаюць у адным памяшканьні. Прызыўнікі і мэдыкі апасаюцца за сваё здароўе. Хоць са спазьненьнем, трэба рабіць захады агульнага карантыну па краіне. Калі прызыўнікі зараз захварэюць і прынясуць хваробу ў войска — змагацца зь ёй будзе нашмат складаней, чым мы можам уявіць», — папярэджвае праваабаронца Алег Воўчак.
24-гадовага Аляксандра могуць забраць у войска пасьля адтэрміноўкі па вучобе. Прызыўнік быў сярод тых, каго 6 красавіка выклікалі ў абласны вайсковы камісарыят на мэдычны агляд. Цяпер малады чалавек непакоіцца, ці не падхапіў каранавірус.
«У цесным калідоры нас сядзела 20, часам і 30 чалавек, бо людзі прыходзілі-сыходзілі. Усе былі без мэдычных масак, у тым ліку і вайскоўцы, якіх я там бачыў. Лекары — хто як, але большасьць бяз масак ці з маскамі, спушчанымі на шыю, каб не заміналі. Усяго па часе гэта заняло амаль 2 гадзіны. Можна было выйсьці на двор, але ня больш як на 5 хвілін, бо маглі ў любую хвіліну выклікаць. Калі шчыра, тады я ня думаў, магу там падхапіць які вірус ці не, але цяпер — думаю. Заўтра мне зноў на камісію, і ўжо зьяўляюцца іншыя думкі», — кажа Аляксандар.
Па камэнтар да сытуацыі карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да прэсавага сакратара Міністэрства абароны Натальлі Гаўрусік. Паводле Натальлі Гаўрусік, падчас прызыўной кампаніі ўлічваецца эпідэміялягічная сытуацыя.
«Яшчэ на мінулым тыдні мы рэкамэндавалі ўсім камісарыятам арганізаваць агляд прызыўнікоў гэтак, каб цягам 20 хвілін агляд адначасова праходзілі ня больш за 2 чалавекі. Але трэба разумець, што праз Гомельскі абласны вайсковы камісарыят прызываюць найбольш у параўнаньні зь іншымі абласнымі камісарыятамі. Таму, магчыма, ім складаней, чым іншым, выконваць гэтую рэкамэндацыю», — мяркуе Натальля Гаўрусік.
Натальля Гаўрусік нагадала, што мэдыкі, залучаныя да мэдычнага агляду прызыўнікоў, не падпарадкоўваюцца Міністэрству абароны.
«Іх забясьпечанасьць маскамі ды іншымі сродкамі засьцярогі — ня ў нашай кампэтэнцыі. Але мне вядома, што яшчэ 2 тыдні таму Міністэрства аховы здароўя ўрэгулявала пытаньне адносна забясьпечанасьці сродкамі засьцярогі мэдыкаў, якіх далучаюць да мэдычнага агляду прызыўнікоў», — сказала Натальля Гаўрусік. Што да супрацоўнікаў камісарыятаў, то, паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны, у гэты момант вайсковая ўстанова займаецца пытаньнем забесьпячэньня ўсіх іх мэдычнымі маскамі ды іншымі сродкамі.
«Пастаўлена задача ўсіх забясьпечыць маскамі і пальчаткамі, незалежна нават ад таго, у якой ступені яны кантактуюць з прызыўнікамі», — сказала Натальля Гаўрусік.
Паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны Натальлі Гаўрусік, «сярод вайскоўцаў Беларусі на сёньня няма такіх, хто б захварэў на каранавірус».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ