Патэлефанаваў сябру ў Менск, і ён кажа: «Вы там крытыкуеце ўлады наконт каранавірусу, а дэлегацыя Сусьветнай арганізацыі здароў’я ўхваліла тое, што робіць наша кіраўніцтва. На беларускім тэлебачаньні прагучала менавіта так».
Было б дзіўна, калі б дэлегацыя не заўважыла зробленага. І заявіла, што гэтага рабіць было ня варта.
Але яна сказала і іншае. Тое, на чым афіцыйныя СМІ, скажам гэтак, вырашылі ўвагу не канцэнтраваць.
І пра рост колькасьці хворых удвая за тры дні, які зафіксаваў кіраўнік місіі САЗ Патрык О’Конар, і пра тое, што трэба рыхтавацца да барацьбы зь вірусам на тэрмін да 12 ці нават 18 месяцаў.
І, нарэшце, дзьве галоўныя тэзы экспэртаў САЗ.
Першая — гэта прагноз: «Час рыхтавацца да найгоршых сцэнараў».
Пра падобнае папярэджваюць і ў іншых краінах, дзе пік яшчэ не дасягнуты (дый там, дзе амплітуда ідзе ўніз, не выключаюць другой хвалі).
Другая — гэта рэкамэндацыя. САЗ ня можа загадваць урадам краінаў, таму рэкамэндуе. І рэкамэндацыя для Беларусі, таксама не ўнікальная, гучыць проста: адмова ад масавых мерапрыемстваў, масавага скапленьня людзей.
Гэта прамы адказ на пытаньне — ці трэба праводзіць парад у Менску?
Нельга!
Гэта не апазыцыя, не «нячэсныя журналісты», ня блогеры кажуць.
Гэта заяўляе дэлегацыя САЗ, якую сам Лукашэнка ў Беларусь і запрасіў.
Але Міністэрства абароны ўжо заявіла, што пытаньне пра адмену параду ім нават не разглядаецца.
Ясна, не міністрам яно будзе разглядацца — рашэньне будзе прымаць галоўнакамандуючы. А ён кажа, што «лявінападобнага нарастаньня» — няма.
Выглядае, што падваеньне за тры дні, якое зафіксаваў кіраўнік місіі САЗ Патрык О’Конар — гэта павольны тэмп.