Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фоне нізкіх цэн Беларусь актыўна купляе нафту ў Азэрбайджане, Нарвэгіі і Расеі


Канцэрн «Белнафтахім» чакае прыбыцьця ў Клайпеду танкера з 85 тысячамі тон нарвэскай нафты. Днём раней такі ж аб’ём сыравіны для Беларусі быў дастаўлены ў порт Адэсы з Азэрбайджану.

«Танкер з Azeri Light прыбыў у Адэсу ўвечары 12 красавіка, цяпер ідзе яго разгрузка. Сёньня чакаецца прыбыцьцё ў Клайпеду танкера з нарвэскай нафтай», — спасылаецца «Інтэрфакс» на прадстаўніка канцэрну Аляксандра Цішчанку.

У сакавіку Socar Trading паставіла для Беларусі тры партыі нафты аб’ёмам 250 тысяч тон праз порт Адэсы і нафтаправод Адэса — Броды на Мазырскі НПЗ. Агулам Азэрбайджан можа паставіць сёлета да 1 млн тон сыравіны.

Праз Клайпеду паступілі чатыры танкеры нафты аб’ёмам 320 тысяч тон. Нафта пастаўляецца на Наваполацкі «Нафтан» літоўскай чыгункай.

У «Белнафтахіме» таксама паведамілі, што працягваецца заключэньне кантрактаў з расёйскімі кампаніямі ў рамках дамоўленасьцяў на ўрадавым узроўні аб пастаўцы ў красавіку на беларускія НПЗ 2 млн тон нафты.

«Схема крыху зьмянілася: з улікам высокай валятыльнасьці на сусьветным нафтавым рынку яна стала больш гнуткай. Але ў цэлым аб’ём кантрактаў на красавік набліжаецца да ўзроўню 2 млн тон», — пракамэнтаваў Аляксандар Цішчанка, дадаўшы, што, як і плянавалася, асноўны аб’ём паставак прыпадзе на «Роснефть».

У сувязі з каранавірусам і канфліктам Саудаўскай Арабіі з Расеяй ў красавіку цэны на нафту знаходзяцца на нізкім узроўні. Яны крыху ўзьняліся пасьля таго, як Расея пайшла на саступкі і пагадзілася зьменшыць сваю здабычу.

Нафтавы рынак застаецца нестабільным

На фоне эпідэміі каранавірусу цана нафты на сусьветны рынку абвалілася. Так, марка Brent таргуецца на ўзроўні 30 даляраў за барэль, а WTI – у раёне 22 даляраў. Кошт на расейскі гатунак Urals зьнііўся 1 красавіка да мінімальнага значэньня за 20 гадоў – 10 даляраў за барэль. Але за наступныя два тыдні вырас амаль удвая на навінах пра намер буйных вытворцаў скараціць здабычу. Цяпер цана крызу перавышае 20 даляраў за барэль.​

23 краіны – удзельніцы OPEC+ заявілі ўвечары 12 красавіка, што дамовіліся аб скарачэньні здабычы нафты на 9,7 млн барэляў на дзень цягам траўня-чэрвеня.

13 красавіка сусьветная цана на нафту вырасла прыблізна на 3%, мяркуючы па ранішніх таргах на азіяцкіх рынках. Аднак рынкавыя аналітыкі чакаюць, што рост будзе кароткатэрміновым, бо ўгода не дае інвэстарам падстаў для ўстойлівага аптымізму.

Пры пандэміі сусьветны попыт на нафту скараціўся прыблізна на 20 мільёнаў барэляў у дзень, або на адну пятую. Цэны на нафту ўпалі амаль да 20-гадовага мінімуму. Рэзкае зьніжэньне цэнаў пагражае банкруцтвам амэрыканскім кампаніям, якія вырабляюць даражэйшую нафту.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG