Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан выпісаны са шпіталя пасьля лячэньня ад каранавіруса COVID-19.
Пра гэта выданьню SkyNews заявіў прадстаўнік прэм’ера. Ён удакладніў, што Джонсан па патрабаваньні лекараў пакуль не вернецца да працы.
Борыс Джонсан лёг у шпіталь Сэнт-Томас у мінулую нядзелю ўвечары пасьля таго, як яго стан пагоршыўся. На наступны дзень яго перавялі ў рэанімацыю.
У чацьвер прэс-сакратар заявіў, што Джонсан «увечары быў пераведзены з рэанімацыі назад у палату, дзе ён застанецца пад пільным кантролем на раньнім этапе свайго ачуньваньня».
Джонсану ў рэанімацыі былі прызначылі лячэньне кіслародам, аднак яму не рабілі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.